Асабісты капітал Кідаюць партнёры і будаўнікі: што ўражвае замежнікаў у Беларусі




Беларусь уражвае замежных бізнесоўцаў лянотаю будаўнікоў і гіганцкім папяровым дакументаабарачэннем. Самыя вялікія бухгалтэрыі – у беларускіх офісах. Аднак замежнікі гатовыя з гэтым працаваць, бо на нашым рынку мала моцных канкурэнтаў.

«Я сутыкнулася з беларускімі будаўнікамі. Гэта было нешта. Гэта было здзіўленне. Бо ў Нямеччыне робяць хутка і пад ключ. І не трэба над імі стаяць: Ну вы як? Вы зробіце? Вы сапраўды зробіце?» – узгадвае свае эмоцыі Агата Сідаровіч, дырэктарка дзіцячага садка «EICHHÖRNCHEN».

Агата прыехала ў Менск з Берліну, яна псіхолаг, жонка беларускага бізнесоўца і жыве ў Беларусі ўжо сем гадоў. Год таму яна адкрыла тут першы нямецкі дзіцячы садок. Спачатку збіралася арандаваць для садка катэдж у Цнянцы. Але ў апошні момант, калі Агата ехала ўжо падпісваць дамову, гаспадыня нечакана перадумала. І паведаміла пра тое праз sms.

У Нямеччыне, калі людзі дамовіліся, значыць, – дамовіліся. А ў Беларусі Агаце давялося на пачатку навучальнага года тэрмінова шукаць іншае памяшканне і рабіць там рамонт. Тады Агату і ўразіла лянота беларускіх будаўнікоў. Знайсці выхавацелек спачатку таксама было не проста.

Агата і самая нетрадыцыйная кіраўніца. З групаю на 14-ць дзяцей у яе працуюць чатыры выхавацелькі ды астэапат. Агата працуе з імі побач, а не ў кабінеце, і вельмі любіць нашую традыцыю піць гарбату на працы. Кажа, што гэта вельмі збліжае.

Кампанія дастаўкі ежы «MENU.BY» прыйшла на беларускі рынак два гады таму пасля старту аналагічных праектаў у Арменіі ды Грузіі. І першае адрозненне ад іншых краінаў – вельмі шмат бюракратычнай працы. Каб падрыхтаваць кур’ера да працы, у Арменіі патрэбныя толькі торба і ўніформа.

«Што мы даем тут: торба, уніформа, тэхагляд, медагляд, санпашпарты, медагляд, які ён сам павінен прайсці і прынесці нам гэтую даведку, што ён прыдатны. Закупляем яму касу, тэрмінал і пускаем у ход», – пералічвае ўсё патрэбнае Ануш Нэрсісян, дырэктарка кампаніі «MENU.BY».

У Менску самы вялікі аддзел у кампаніі – бухгалтэрыя. Бо трэба апрацоўваць вялікую плынь папяровых дакументаў. Бухгалтарам ужо не стае месца ў старым офісе, і кампанія пераязджае ў большы.

Дырэктарка адзначае, што ў Беларусі, у адрозненне ад Арменіі і Грузіі, перад падпісаннем дамовы вельмі доўга вывучаюць дакументы, абмяркоўваюць у іх кожную літару. Гэта вельмі зацягвае працу. Любая дамова, якую ў іншай краіне яны могуць заключыць за тыдзень, тут займае месяцы.

У той жа час Ануш лічыць, што ў нас больш гарантыяў ад свавольства з боку дзяржавы, калі ты сумленна працуеш. А вось падаткі тут нашмат вышэйшыя. І трымаць чалавека ў штаце значна даражэй.

Галоўны офіс міжнароднага медыяканцэрну «Шыбстэд» месціцца ў Осла. У нас канцэрну належыць інтэрнэт-пляцоўка абвестак «Куфар». Ува ўсіх краінах, дзе працуе, кампанія запусціла сэрвіс «Бяспечная ўгода».

За выключэннем Тунісау і Беларусі. Сутнасць угоды ў тым, што плата за тавар адбываецца онлайн праз інтэрнэт-пляцоўку, а тая замарожвае грошы ў сябе, пакуль пакупнік не пацвердзіць, што тавар адпавядае абвестцы.

«Цяпер у нас такой магчымасці няма, бо на заканадаўчым узроўні, каб так рабіць, мы мусім стаць фінансаваю арганізацыяй або банкам, – тлумачыць нашыя асаблівасці Арцём Рабцэвіч, дырэктар пляцоўкі «Куфар».

Аднак дырэктар адзначае, што ёсць у Беларусі і плюсы. Напрыклад, малая канкурэнцыя: тут няма такіх моцных гульцоў, як, напрыклад, «Facebook marketplace». Да таго ж, беларускі рынак толькі пачаў развівацца, і замежныя кампаніі могуць уплываць на яго развіццё. І такі патэнцыял перамагае ўсе мінусы ад працы ў Беларусі.

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары