КХП-БНФ – уладам Беларусі: Вы не маеце маральнага права заходзіць у Курапаты без пакаяння!


«Фальшшу» назваў адзін з заяўнікаў акцыі на Дзяды, намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі спробы ўладаў заняцца мемарыялізацыяй Курапатаў – месца масавых рэпрэсіяў. Нагадаем, прапрэзідэнцкая «Белая Русь» пачала нават ладзіць там суботнікі на ўзор талокаў, якія некалькі дзесяцігоддзяў праводзяць грамадскія актывісты.

Юрась Беленькі называе такую актыўнасць «фальшшу», бо «гэтыя людзі прапагандавалі «Лінію Сталіна», піянерыю, помнікі Дзяржынскаму».

Беленькі прыгадаў і тое, як некалькі гадоў таму затрыманая на мяжы кніга лідара КХП-БНФ Зянона Пазьняка «Абарона Курапатаў» была прызнана экстрэмісцкай: «А экспертамі выступілі функцыянеры аб’яднання »Белая Русь«, якія не мелі дачынення ні да юрыспрудэнцыі, ні да літаратуры».

«І гэтыя людзі прыходзяць сёння ў Курапаты?! Пакайцеся спачатку за помнікі Сталіну і Дзяржынскаму, і толькі пасля гэтага будзеце мець маральнае права прыйсці ў Курапаты! І тое – не прыйсці, а спачатку стаць на калені перад Курапатамі!»

2 лістапада ў Беларусі адзначаюцца Дзяды – Дзень памяці продкаў. З гэтай нагоды 5 лістапада, у нядзелю, у Менску адбудзецца традыцыйнае аднайменнае шэсце ў памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў – ад гадзіннікавага заводу «Прамень» да Курапатаў.

Падрабязней пра намеры ўладаў і спецыялістаў інфармацыйнай вайны з Расеі наконт Курапатаў, чаму шэсці на Дзяды змізарнелі колькасна – у поўным выданні перадачы «Размова дня» са Святланай Калінкінай.

Цалкам «Размова дня» ў відэа: