Гарачы каментар Кацярына Андрэева: Баевікоў з Беларусі, якія забівалі, да адказнасці не прыцягнулі


Чарговы беларус, які браў удзел у канфлікце на Данбасе на баку сепаратыстаў, атрымаў прысуд.

Два гады калоніі агульнага рэжыму – столькі ад Гомельскага абласнога суду атрымаў былы баявік «ЛНР», грамадзянін Беларусі Віталь Катлабай. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Гэта трэцяя вядомая справа супраць беларусаў, якія ваявалі на баку сепаратыстаў, але ранейшыя дзве скончыліся прысудам гэтак званай «хатняй хіміі». Пра значэнне апошняга выраку вядоўца Таццяна Рэут паразмаўляла з журналісткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай, аўтаркай шэрагу матэрыялаў, расследаванняў, інтэрв’ю датычных сітуацыі на Данбасе.

Таццяна Рэут: Што на дадзены момант вядома пра Віталя Катлабая? Чым ён займаўся на Данбасе?

Кацярына Андрэева: Мне вядома, што ён праходзіў тэрміновую службу ў Беларусі, ва ўнутраных войсках. Таксама пасля гэтага пэўны час ён займаўся камп’ютарамі, нейкай праграмістскай дзейнасцю, але ён з’ехаў у 2015 годзе на Данбас, дзе далучыўся да казачага полку «ЯрГа» – гэта такое ўзброенае фармаванне казакоў, найбольш вядомае на тэрыторыі ЛНР. Там ён прабыў да 2017 году, займаўся выключна інфармацыйнай працай. Як паведаміў ягоны саслужывец, ніколі не браў удзелу ў актыўных баявых дзеяннях і не выязджаў на перадавую.

То бок займаўся агітацыяй, не ваяваў, і пры гэтым яму было больш жорсткае пакаранне. Як думаеш, чаму так?

Нам вядомыя тры выпадкі прысудаў беларусам, якія ваявалі на баку сепаратыстаў. Гэта Віталь Мітрафанаў з Рэчыцы, які правёў на Данбасе ўсяго два месяцы. Гэта таксама Аляксей Яршоў з Паставаў, які адразу пасля абвяшчэння прысуду, уцёк на Данбас. І цяпер мы бачым больш жорсткае пакаранне.

Калі паглядзець на тэрміны, калі гэтыя людзі былі ўзятыя пад варту, то гэта сярэдзіна 2017 году. Відавочна, гэта нейкая спланаваная акцыя, мэтанакіраваная аперацыя. Можна шмат чаго меркаваць, але цяпер мы з калегамі схіляемся да думкі, што гэта было зроблена ў межах акцыі па паляпшэнні стасункаў з Кіевам.

Гэта такі прымірэнчы крок у дачыненні да Кіева, бо мы ўсе ведаем пра праблемы ў стасунках паміж афіцыйным Кіевам і Менскам. Гэта і праблема Паўла Шаройкі – затрыманага ўкраінскага журналіста. Таксама ўзаемная высылка дыпламатаў. І дагэтуль МЗС Украіны не атрымаў тлумачэнняў ад Менску адносна выкрадання Паўла Грыба ў Гомлі. Думаю, што, магчыма, сілавыя структуры Беларусі вырашылі «разлічыцца» з Кіевам.

Ты размаўляла са шмат якімі сепаратыстамі, якія паходзяць з Беларусі. Агулам яны не хаваюць свайго ўдзелу ў баявых дзеяннях на Данбасе, нават у нейкім сэнсе хваляцца гэтым, паказваюць зброю ў сацсетках. Якія твае ўражанні: яны досыць вольна пачуваюцца ў Беларусі?

Мне ўжо прынамсі сёння напісалі некалькі такіх беларусаў-сепаратыстаў, кажуць: «Бачыш, прысуды ўсё ж ёсць». Але калі мы паглядзім на гэтых людзей больш пільна, на Віталя Мітрафанава: усяго два месяцы на Данбасе, няма ўдзелу ў сур’ёзных баявых дзеяннях, няма выезду на аперацыі кшталту Ілавайск, Дэбальцава. Часы прайшлі, відавочна, фаза ўжо не такая, як была ў 2014 годзе.

У Беларусі сёння, прынамсі ў Менску, ёсць беларусы, якія ваявалі на баку ЛДНР менавіта ў «гарачыя часы», і яны самі распавядалі нават пра колькасць забітых імі ўкраінцаў. Гэтых людзей не прыцягнулі да адказнасці ўсё роўна на гэты момант.

Больш – у відэа вышэй.

Глядзіце таксама:

Глядзі таксама
Каментары