Карупцыя па дурасці? Новая прыступка ў «справе медыкаў»


Працяг галоўнага карупцыйнага серыялу сезону – так званай «справы медыкаў». У Менску пачаўся працэс над галоўным лекарам Рэспубліканскага цэнтру медычнай рэабілітацыі і бальнеалячэння. Паводле версіі абвінавачвання, Сяргей Карыцька ў чэрвені 2017 года залатвіў для бізнэсоўца Ладуцькі перамогу ў аўкцыёне аб закупцы сучаснага абсталявання для патрэбаў цэнтру, за што атрымаў «падзяку» – 2 тысячы долараў ЗША. Падсудны сваю віну прызнаў і заявіў, што ўзяў грошы па дурасці.

Алесь Залеўскі, журналіст «Белсату»:

«Сцэнар гэтага серыялу быў імаверна напісаны камітэтам дзяржбяспекі, каторы і зрабіў вельмі захапляльнаю першую серыю – мінулы год, дзясяткі арыштаў, інфармацыйныя кампаніі на дзяржаўным тэлебачанні. Лекараў у адзін дзень выводзілі з 9 больніцы фактычна проста ў халатах, на вачах пацыентаў, саджалі ў бусік, далей СІЗА. Там бальшыня сазнавалася, ішлі на супрацу са следствам і чакала суда. Суды распачаліся (сёння быў трэці)…»

Наколькі тэма карупцыі ў сістэме аховы здароўя балючая для насельніцтва? Мы спыталі жыхароў Магілёва.

belsat.eu