Каронавірусны псіхоз

Увесь тыдзень пакладзены на супакаенне грамадства, у якім толькі і абмяркоўваюць… новую небяспеку. Тое каб прыхільнікаў панікі сярод беларусаў было шмат – не скажаш, а вось прыхільнікаў спакою – шмат, але кіраўнік дзяржавы гэтага спакою не хоча ім гарантаваць.

Канца яшчэ няма, але вернемся на пачатак… Правінцыя Ухань 23 студзеня… Распаўсюд новага штаму каронавіруса змушае ўлады КНР закрыць мегаполіс на каранцін. Толькі 11 сакавіка – праз паўтара месяца жыцця ў каранціне з павышанымі захадамі бяспекі – эпідэмія пайшла на спад.

І 19 сакавіка – Дзень перамогі, калі ў правінцыі не зарэгістравалі новых інфікаваных. У гэты ж дзень ад беларускага лідара чуем:

«Кітайцы нам кажуць – не трэба перабольшана «каранцініць», таму што вынікаў не дае і наш досвед пацвярджае… каго мы бралі на каранцін… 3000 назіралі, 3000 здаровыя. (…) Я каронавірус называю не інакш як псіхозам і ад гэтага не адмоўлюся».

У якасці лячэння псіхозу галоўны доктар і галоўны ж бізнесмен раіць:

«Калі з саўны выйсці і памыць не толькі рукі, але і ўнутр 100 грамаў… я чалавек не пʼючы, не прапагандую гэта, але нармальна буду ўспрымаць прынамсі да Дню Перамогі».

Не хочаш дапамагчы, то прынамсі не шкодзь! – вынікае са словаў загадчык кафедры інфекцыйных захворванняў з Кіева – Аляксандра Дуды:

«Калі зʼяўляюцца якія-небудзь сімптомы рэспіратарнай інфекцыі, на маю думку, не трэба ніякай саўны. Трэба даць мінімальную нагрузку, бо нават саўна, цяпло – гэта дадатковая нагрузка».

Некаторым важна, каб на эканоміку нагрузкі дадатковай не ўтварыць… Таму няма чаго лайдачыць у каранціне, у полі на трактары ўсе здаровыя! Саўнаю, гарэлкаю ці трактарам бʼюць вірусы беларусы – мы запыталіся ў гамельчукоў:

«Лепей трактар чым гарэлка!»

«Не скажу, бо ні там ні там не ўдзельнічаў!»

«Піць гарэлку не ўсе здольныя, як і на трактары ездзіць».

«Трызненне сівой кабылы».

«Гарэлка і трактар несумяшчальныя».

«Працатэрапія добрая але не пад час эпідэміі».

«Галоўнае не парыцца! Быць спакойным і ўсё пройдзе».

Чым больш усе вакол «парацца», тым расце курс еўра… Учора па 2,7 а сёння ўжо 3 рублі. Мы гэта ўсё ўжо праходзілі, што будзе далей – ведаем, а каронавірус прадказвалі яшчэ ў 2009-ым – нагадаў набліжаны да кіраўніка краіны тэлеграм-канал:

«Даўно мы перасталі кукарэкаць? Памятаеце, на конт птушынага грыпу кукарэкаў увесь свет? Напэўна ўжо прадалі ўсё што датычыць птушынага грыпу. Цяпер завізгацелі па-свінску, заўтра замурлыкаем ці замычым!»

Калі забрэшам, то абы наморднікаў хапіла! Лукашэнка ў гневе выпаліў:

«Хвалімся паўсюль, што ІТ-краіна, а няшчасныя гэтыя наморднікі не можам выпрадукаваць! Каб за тыдзень урад прыняў рашэнне, дзе будуць вырабляць!»

Крамлёўскі сябар-не-сябар у параўнанні не гуляецца. Уладзімір Пуцін ратуе сітуацыю перад агульнарэспубліканскім галасаваннем, праз якое мае «абнуліць» свае мінулыя тэрміны, каб балатавацца зноў:

«Дзеля таго каб у нас не было так як там адбываецца, дзе сітуацыя неспрыяльная, трэба безумоўна пачынаць працаваць на перадухіленне».

Найлепшыя вынікі ў папярэджанні эпідэміі на постсавецкай прасторы мае Туркменістан! Пандэмія каронавірусу абыходзіць краіну бокам… дзякуючы навуковым працам прэзідэнта, які прапагандуе гаючыя якасці дыму расліны гармалы, якую раіць выкарыстоўваць для барацьбы з віруснымі і інфекцыйнымі захворваннямі ды бактэрыямі….

Юлія Цяльпук, «Субʼектыў»

Калаж з фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў

Падатак на каронавірус

За кім моладзь, за тым і будучыня

Каронавірус, Ленін і «прывет» ад Менгарвыканкаму

«Нашая працягнутая рука засталася пустой». Палатачнікі пакрыўдзіліся на еўрадэпутатаў

Лукашэнка пабудуе лядовы палац у Егіпце

За Швейцарыю і ня толькі: Лукашэнку «двойка» па геаграфіі

Трэцяе вока Лукашэнкі. Сцяпан Святлоў у «Суб’ектыве»

Лукашэнка рыхтуецца ўцякаць. NEXTA на «Белсаце»