Каронавірус ужо ў Беларусі. Што рабіць?

Міністэрства здароўя афіцыйна паведаміла пра першы пацверджаны выпадак захворвання каронавірусам у Беларусі. Ён быў выяўлены ў іранскага студэнта, які прыляцеў з Баку 22 лютага. У новым выданні ток-шоу «Кожны з нас» мы гутарым пра тое, ці можа каронавірус масава перакінуцца на Беларусь.

У студыі сабраліся нашыя землякі, якія нядаўна вярнуліся з Кітаю. А таксама кітайцы, якія жывуць у Беларусі. Слова ўзялі і медыкі.

«У Нацыянальным аэрапорце нават пасля нашай просьбы ў нас адмовіліся ўзяць аналізы»

Міністэрства здароўя паведамляе, што з 20 лютага на наяўнасць каронавіруса правяраюцца ўсе грамадзяне, якія прыбываюць у Беларусь з Паўднёвай Карэі, Ірану ды Італіі. Але ці дастатковыя гэтыя захады?

Нашыя журналісты пагутарылі са студэнткай Святланай (імя змененае), якая ў ноч з 2 на 3 лютага прыляцела ў Беларусь з Шанхаю, да гэтага зрабіўшы перасадку ў Маскве. Дабірацца даводзілася праз месцы з вялікай колькасцю людзей. Таму ў менскім аэрапорце дзяўчына паспрабавала перастрахавацца і здаць аналізы на каронавірус.

«Мы звярнуліся ў інфармацыйны цэнтр Нацыянальнага аэрапорту. Жанчына папрасіла нас пачакаць, з кімсьці звязалася, а потым патлумачыла немагчымасць здаць аналізы тым, што нас нельга правесці ў зону, дзе месціцца лабарант. У выніку нічога здаць не ўдалося», – кажа Святлана.

Мінаховы здароўя Нямеччыны: у краіне пачынаецца эпідэмія каронавірусу

Каб не сеяць лішняй панікі, кампетэнтныя беларускія лекары атрымалі параду не каментаваць тэмы каронавіруса ў СМІ.

Доктар медычных навук, вірусолаг Іван Жыльцоў кажа, што на сённяшні момант смяротнасць ад каронавіруса ў Кітаі складае каля 2 %. Пры гэтым самая высокая яна ва Ўу-Хані (3–4 %).

«А за межамі Кітаю смяротнасць складае каля 1,2 % і не адрозніваецца ад смяротнасці пры звычайным сезонным грыпе, – канстатуе Іван Жыльцоў. – Магчымыя выпадкі другаснага інфікавання медперсаналу, які аказвае дапамогу такім пацыентам. Але распаўсюджванне каронавіруса па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выглядзе эпідэміі крайне малаверагоднае».

Беларус з Харбіну: «Мы вылецелі за некалькі дзён да закрыцця аэрапорту»

Андрэй Гузееў – музыка з сімфанічнага аркестру, працуе у Харбіне. Ён адзначае, што кітайцы надзвычай аператыўна і адказна паставіліся да эпідэміі. Магчымасці для масавага збору людзей былі абсечаныя, прадукты з крамаў развозяць работнікі службы дастаўкі. Вядзецца штодзённае інфармаванне праз папулярны мэсэнджар наконт прафілактыкі захворвання.

«Калі я вылятаў на радзіму, адмяняліся многія рэйсы. Была інфармацыя, што аэрапорт у Харбіне закрыюць. Калі прыляцелі ў Менск, на нашым самалёце быў кітаец з высокай тэмпературай, яго адразу ж забралі ў каранцін, вывелі праз службовы ўваход нашага аэрапорту», – распавядае Андрэй.

Пазней лекары паведамілі Андрэю, што каронавірус у кітайца не пацвердзіўся. Мужчына кажа: было адчуванне, што самалёт развернуць і адправяць назад у Кітай. У Нацыянальным аэрапорце пасажыраў сустрэлі, рэкамендавалі прайсці абследаванне. Ува ўсіх узялі мазок з горла і носа. На наступны дзень патэлефанавалі з бальніцы, сказалі, што ўсё ў парадку. І цягам двух тыдняў лекар з раённай паліклінікі штодня тэлефанаваў і цікавіўся станам здароўя сям’і Андрэя.

Праз каронавірус у свеце выраслі ксенафобія і расізм

Ужо вядома аб прыкрых выпадках дыскрымінацыі кітайцаў. Да прыкладу, іх адмаўляюцца падвозіць некаторыя таксісты. Але, зразумела, не ўсе.

«Увечары быў выклік, кітаец сеў на пярэдняе сядзенне, хоць звычайна яны едуць ззаду, – узгадвае пра нядаўнюю гісторыю менскі таксіст Мікалай. – Пачаў са мной камунікаваць праз перакладчык «Google». Сказаў, што раней яго адмаўляліся падвозіць, я на гэта адказаў: «Сядайце, калі ласка, няма праблемаў». Кітаец сказаў, што шчыра ўдзячны нашай краіне за гуманітарную дапамогу».

Вядомы лекар Андрэй Вітушка разважаў над тым, ці апраўданыя залішнія перасцярогі ў адносінах да азіятаў, што жывуць у Беларусі.

«Не многія з нас могуць візуальна адрозніць кітайца ад японца, кітайца ад карэйца, кітайца ад калмыка, бурата і гэтак далей. Па-другое, многія кітайцы, якія знаходзяцца ў нас, нікуды не выязджалі з Беларусі на момант абвяшчэння гэтай эпідэміі», – мяркуе Вітушка.

Грамадзяне Кітаю, якія прыйшлі ў студыю ток-шоу, кажуць, што не ведаюць пра выпадкі інфікавання сярод сваіх блізкіх і знаёмых. Таксама яны адзначаюць у цэлым нармальнае стаўленне да сябе з боку беларусаў.

У Менскім гарадскім клінічным інфекцыйным шпіталі ўвялі каранцін

Як развіваецца сітуацыя з вірусам? Як знізіць рызыку захварэць падчас любой эпідэміі, у тым ліку каронавіруснай? Пра гэта ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас».

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Фота: Natalia Fedosenko/TASS/FORUM

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў

Праўда і фэйкі пра каронавірус у Беларусі

Чаму СССР развалілі менавіта ў Беларусі?

Дзе нараджаць лепш: у Беларусі, у Вільні ці ў Маямі?

Што будзе з Беларуссю, калі Пуціна не стане?

Незвычайныя гадаванцы: ліс у кватэры, воўк на падворку і гусак, які выконвае сабачыя каманды

Самая крывавая вайна ў гісторыі Беларусі была з… Расеяй

«Я б гэта назваў парнаграфіяй», – старэйшы беларускі архітэктар пра спрэчныя менскія будынкі

Яны вымушаныя хаваць сваю нацыянальнасць у Беларусі