Каронавірус: у менскім метро ўцякаюць ад людзей усходняй знешнасці


Каронавірус робіць беларусаў неталерантнымі. Істэрычныя настроі ў грамадстве прыводзяць не толькі да знікнення масак і антысептыкаў. Людзі розных нацыянальнасцяў пачалі адчуваць на сабе праявы ксенафобіі.

Праваабаронца «Human Constanta» Наста Лойка ў праграме «Размова» Святланы Калінкінай апісвае сітуацыі, калі талерантнасць жыхароў Беларусі дае збой.

На жаль, пустая прастора ў менскім метро вакол людзей з азіяцкай аблічнасцю стала нармальнаю з’явай. Той, хто баіцца вірусных захворванняў, не схільны да праяваў талерантнасці, зазначае праваабаронца «Human Constanta» Наста Лойка.

«Не сказаць, што гэтага не было ніколі, а зараз раптам з’явілася. Мне падаецца, такія мінімальныя тэндэнцыі былі, але на фоне гісторыі з каронавірусам яны ўзмацніліся», – зазначае праваабаронца і дадае, што на агульным трывожным фоне людзі проста шукаюць, на каго зліць сваю агрэсію. Часцей за ўсё выбіраюць для гэтага не падобных да большасці.

Пры гэтым госця праграмы зазначыла, што ў насцярожаных настроях грамадзянаў Беларусі ёсць і свае плюсы. Людзі спрабуюць развязваць праблемы цывілізаваным шляхам: не мітынгуюць, як ва Украіне, а ствараюць петыцыі ды гэтак спрабуюць паўплываць на працэсы.

Вядоўца «Размовы» Святлана Калінкіна разам з госцяй праграмы, праваабаронцай «Human Constanta» Настай Лойкай спрабуюць разабрацца, чаму з усіх магчымых рэакцыяў мы часцей за ўсё абіраем страх і недавер да іншых.

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас.

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.
А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.