Каронавірус пагражае Лукашэнку. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Эпідэмія распаўсюджваецца па Беларусі. Сусветная арганізацыя здароўя заклікае ўлады да каранціну, і Лукашэнка мяняе палітыку ў змаганні з заразаю. Ці яна адэкватная пагрозе? Паглядзіце «ПраСвет» пра рэальную карціну ў Беларусі ды за яе межамі.

Больш пра тэмы праграмы:

Беларусь змарнавала час на змаганне з эпідэміяй. Грошы страцяць усе, а дзяржава павінна эканоміць

Каронавірус захоплівае Беларусь імкліва. Пасля таго, як Лукашэнка загадаў не хаваць інфармацыі пра эпідэмію ў нашай краіне, колькасць інфікаваных, паводле афіцыйных звестак, рэзка вырасла. Пік эпідэміі ў Беларусі прагназуюць на канец красавіка. Беларуская эканоміка разам з іміджам уладаў коціцца з гары на фоне росту грамадскай актыўнасці. Чым каронавірус пагражае кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь і персанальна Аляксандру Лукашэнку? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.

Чаму Лукашэнка мяняе стратэгію змагання з каронавірусам?

Стратэгію ўладаў каментуе Андрэй Елісееў, кіраўнік цэнтру, які даследуе еўразійскія дзяржавы ў пераходны перыяд: «East center». Андрэй вядзе маніторынг дзеянняў уладаў у змаганні супраць каронавірусу ў Беларусі. Яму нават прысвяцілі ўвагу ў артыкуле газеты Адміністрацыі прэзідэнта «Беларусь сегодня». Наколькі апраўдана параўноваць Беларусь і Швецыю ў змаганні з каронавірусам? Што могуць яшчэ зрабіць улады?

Каронавірус б’е па беларусах у Польшчы, Літве ды Чэхіі. Як ім дапамогуць?

Каля трох з паловаю мільёнаў беларусаў жывуць за мяжою. Найбольшыя дыяспары – у ЗША і Канадзе, Расеі ды ў Еўразвязе. І ў кожнай краіне праз эканамічныя наступствы каронавіруса людзі цярпяць страты. «ПраСвет» падрыхтаваў сюжэт пра тое, як пераадольваюць эканамічны прастой беларусы, якія жывуць у блізкіх да нас краінах Заходняй Еўропы, і як рэагуюць на праблемы бізнесу ўрады гэтых.

Кітайскі цмок здымае маску і падымае галаву

Крызіс, выкліканы пандэміяй, паглыбляецца ў Еўропе і Амерыцы. А вось дзяржавы Азіі паступова вяртаюцца да звычайнага жыцця. Больш за тое, асобныя краіны, напрыклад, Японія, здаецца, зусім не заўважылі эпідэміі. Якія могуць быць палітычныя наступствы каронавіруса для чалавецтва? Меркаванні экспертаў – у сюжэце Аркадзя Несцярэнкі.

Сусветны нафтавы рынак ляжыць на лапатках. Як гэта адаб’ецца на Беларусі?

Нафты на сусветным рынку будзе менш. Краіны OPEC+ дамовіліся аб скарачэнні здабычы на 10 мільёнаў барэляў за дзень. Але біржы, парадаксальна, адрэагавалі на гэтую навіну чарговым падзеннем коштаў на чорнае золата: з аднаго боку, гандляры не вераць, што гэтыя абмежаванні – дастатковыя, з другога боку, з прапановай яшчэ не пагадзілася Мексіка – таксама буйны вытворца нафты. Ігар Кулей разбіраўся, як гэтыя нафтавыя гульні адабʼюцца на Беларусі.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота вокладкі: Mikhail Metzel/TASS/Forum