Каронавірус падбіраецца да Лукашэнкі


Беларусь – зноў у топе! Што праўда, краінаў з найбольшаю колькасцю заражаных каронавірусам на мільён насельніцтва. Затое памірае ад «Ковід-19» у нас менш за адзін адсотак інфікаваных. Іншых, як вядома, – косіць букет хранічных хваробаў. Стойкасць у змаганні з кітайскім вірусам хіба прадбачыў Лукашэнка (бо хто ж лепш ведае беларуса, як не кіраўнік з народу?) ды не замыкаў грамадзянаў у чатырох сценах.

«Украіна мяжу зачыніла, Польшча зачыніла, Балтыйскія дзяржавы зачынілі з намі мяжу, а пасля і браты расіяне гэтаксама зачынілі гэтую мяжу. Ну добра, зачыняйцеся, але жыццё ж ідзе, яго не спыніш!» – сказаў Аляксандр Лукашэнка ў канцы сакавіка 2020 года.

Хацелі застацца краінай, адкрытай для ўсіх, але цяпер можам аказацца на ізаляванай выспе даўжэй за іншых. Толькі за красавік Еўракамісія двойчы папярэдзіла беларускае МЗС, што скарыстацца шэнгенам за 35 еўраў не ўдасца, пакуль будуць новыя хворыя.

«Адбываецца як бы такая гонка са смерцю. У гэтай гонцы ўдзельнічае Лукашэнка, народ і каронавірус. І ёсць суддзя – гэта Сусветная арганізацыя здароўя. І тут – хто каго», – кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол.

Дапамагчы Беларусі ў гонцы паабяцаў Еўразвяз. Рублём, і не малым. На барацьбу з нябачным вірусам могуць вылучыць больш за шэсцьдзесят мільёнаў еўраў, але ўзамен – мусім выканаць рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя. А гэта, між іншага, – адмова ад масавых мерапрыемстваў. І як людзі перажывуць адмену традыцыйнага Параду перамогі 9 траўня?

«Я ўпрынцыпе на іх не хаджу».

«Крыху прытрымаць грошы. Для людзей».

– Пакуль жывыя нашыя ветэраны Вялікай айчыннай вайны, мы мусім правесці. Гэта самае галоўнае!

– Але ж ветэраны ў першай групе рызыкі адразу ідуць…

– Да гэтага часу спадзе, спадзяемся, спадзе ўсё гэта.

Калі параду і быць, то ў сціслым складзе. Паводле нашых крыніцаў у Міністэрстве абароны, шэрагі апусцелі ў жаночым парадным разліку. «Ковід-19» пацвердзіўся мінімум у дзесяці прыгажунь у пагонах. Ды што там, маршыраваць разам з беларускімі вайскоўцамі адмовіліся апошнія саюзнікі – Кітай і брацкая Расея.

«Мне здаецца, што там больш занепакоены тым, як Маскву нейкім плотам аградзіць, і думаюць, не дай бог урад заразіцца РФ, што будзе? Не дай бог Мішусціну штосьці здарыцца!» – сказаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка 2020 года.

А кіраўнік Беларусі як у ваду глядзеў! Літаральна ўчора расейскі прэм’ер паведаміў непрыемную навіну.

«Тэсты, якія я здаў на каронавірус, далі станоўчы вынік», – паведаміў прэмʼер-міністр Міхаіл Мішусцін.

«Паважаны Міхаіл Уладзіміравіч, тое, што адбываецца цяпер з вамі, можа адбыцца з кожным, і я заўжды пра гэта кажу», – паведаміў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Вось вірус усё шчыльней падбіраецца і да Лукашэнкі. Клапатлівая красуня Марыя Васілевіч, якую часта бачаць у атачэнні кіраўніка краіны, праведала хворых у праваслаўны Вялікдзень: развезла па шпіталях пасхі разам з манашкамі Свята-Елісееўскага манастыра, ужо зачыненага на каранцін. Яшчэ ў адну святыню – у Малых Лядах, дзе таксама постфактум знайшлі каронавірус, Лукашэнка прыязджаў разам з малодшым сынам.

«Мы яго чакалі як Бога! Госпадзі, хоць бы ён прыехаў! Ведаеце, што такое прыезд прэзідэнта? Вось у нас асфальт быў толькі да нашага дому, а цяпер – да канца вёскі паклалі», – распавяла спадарыня Таццяна з Малых Лядаў.

Калі наведнікаў царквы кантроль абмінуў, то на Белтэлерадыёкампаніі вірус лавілі-лавілі ды не вылавілі. Паводле крыніцаў тэлеграм-каналу «Belarus Lite», мінімум чатыры працаўнікі ўстановы, сярод якіх нібыта асобы з прэзідэнцкага пулу, атрымалі пазітыўны вынік тэсту на каронавірус.

Юлія Лабанава, «Субʼектыў», «Белсат»

Калаж з фота: Бульбаш