Каронавірус на Астравецкай АЭС


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Каронавірус на Астравецкай АЭС

Адразу 15 пацверджаных выпадкаў каронавіруса ў грамадзянаў Расеі, што прыехалі працаваць на Астравецкую АЭС. Усе яны шпіталізаваныя ды ізаляваныя, паведамляе выданне «Гродненская правда». Цяпер адмыслоўцы высвятляюць кантакты першага ўзроўню. Клінічных праяваў хваробы ў расейцаў на дадзены момант няма. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, за апошнія содні колькасць інфікаваных на каронавірус у Беларусі павялічылася на 205 асобаў, агулам у краіне налічваецца 1066 захварэлых на каронавірусную інфекцыю.

Віцебск: хворыя лекары і дэфіцыт сродкаў абароны

На Віцебшчыне налічылі 38 хворых на каронавірус медычных працаўнікоў – такія звесткі агучыў аператыўны штаб абароны ад «Ковід-19», паведамляе тэлерадыёкампанія «Віцебск». Шмат хто з дактароў адсутнічае на працы, паколькі хварэюць на запаленне лёгкіх ды іншыя вірусныя інфекцыі. Акрамя гэтага, як паведамляюць мясцовыя ўлады, у Віцебскай вобласці востра не хапае сродкаў індывідуальнай абароны, каб абараніць медыкаў ад заражэння небяспечнай хваробай. Паводле прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, сёння з каронавірусам па ўсёй краіне змагаюцца 25 тысяч медыкаў.

Старшыня Наваполацку – на каранціне

Старшыня Наваполацкага гарвыканкаму Дзмітрый Дзямідаў паведаміў, што застаецца на каранціне. У сваім Інстаграме чыноўнік дадае, што ён ёсць кантактам першага ўзроўню. Дзямідаў быў з інфікаваным у адным памяшканні. Разам з тым старшыня гарвыканкаму Наваполацка паведаміў, што сітуацыя ў горадзе застаецца пад кантролем. Ды заклікаў жыхароў гораду строга прытрымлівацца рэкамендацыяў медыкаў.

Балгарскія дэпутаты адмовіліся ад заробкаў

У Балгарыі дэпутаты парламенту і міністры адмовіліся ад заробкаў да канца дзеяння надзвычайнага становішча ў краіне, якое ўвялі 13 сакавіка. Рашэнне прынялі бальшынёю галасоў падчас пазачарговага паседжання Народнага сходу. Цяпер заробкі дэпутатаў і міністраў будуць пераводзіцца на рахунак Міністэрства аховы здароўя – грошы будуць выкарыстоўвацца на барацьбу супраць распаўсюду каронавіруса.

belsat.eu

Фота: Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь