Кармэн у вышыванцы супраць опернай дзівы з Масквы. Хто каго перамог?


У 1927 годзе маладая спявачка Ларыса Александроўская, будучая пачынальніца беларускай оперы, едзе ў Франкфурт-на-Майне на Міжнародную музычную выставу. Спявачка плануе прэзентаваць беларускія народныя песні. Але інтрыгі падступнай суперніцы могуць на ўзлёце абарваць кар’еру гераіні наступнай серыі «Лабірынтаў».

Калі Ларыса Александроўская даведалася, з якімі вялікімі майстрамі давядзецца ёй выступаць у Нямеччыне, яна зусім упала духам. Алею ў агонь падліла ейная канкурэнтка, Ірма Яўнзем з маскоўскай дэлегацыі. Спадарыня Ірма сама хацела спяваць беларускія народныя песні, якія былі ў рэпертуары Александроўскай.

Вось што пра канфлікт на конкурсе пісала ў сваіх успамінах Ларыса Александроўская:

«Яўнзем, выконваючы беларускія песні, не хацела мець у маёй асобе [суперніцу] прадстаўніцу рэспублікі. Тым больш што песні нашыя яна выконвала эстрадна. Я ж спявала так, як мая бабуля, мама, як у вёсках… без эстрадных штукарстваў, якія скажаюць сутнасць і змест песні».

Выканаўца з Масквы робіць усё, каб Ларыса правалілася на сваім першым выступе: перад самым выхадам на сцэну так папраўляе ёй галаўны ўбор, што той звальваецца на сцэне падчас выступу. У зале выбухае смех.

Ці здолее Александроўская перамагчы магутную суперніцу, ці зможа даказаць, што здатная здзіўляць і годна рэпрэзентаваць Савецкую Беларусь на Захадзе? Які загадкавы мужчына і навошта з’явіўся апоўначы ў ейным нумары ў гатэлі? Пра гэта – у новай серыі «Лабірынтаў».

Іншыя фільмы з цыклу «Лабірынты» тут.