«Караліна», Багдановіч і цішоткі


Гукамі ірландскае дуды ў Менску распачаўся Кніжны кірмаш – 2017, найбуйнейшая імпрэза аматараў літаратуры ў краіне.

Сёлета найбольш сустрэчаў запланавана з ангельскамоўнымі аўтарамі, бо ганаровым госцем кірмашу абвешчаная Вялікая Брытанія: гэтак, пераклад кнігі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» прэзентуе Жак Тэстар, «Дапаможнік па творчым бізнесе. Цішоткі і касцюмы» – эксперт у крэатыўных індустрыях Дэйвід Пэрыш, а моладзь чакае сустрэча з беларускай версіяй знакамітай «Караліны» – кнігі для адважных.

Польскі літаратурны сектар прапаноўвае пераклад Станіслава Лема, зроблены Анатолем Бутэвічам, слыннага «Знахара» па-беларуску і, традыцыйна, знаёмствы з аўтарамі, кажа каардынатарка літаратурных праектаў «Польскага інстытуту ў Менску» Вольга Гуд: «Да нас прыязджае польскі пісьменнік-фантаст Яраслаў Гжэндовіч. І яго прэзентацыя, сустрэча з ім адбудзецца ў суботу 11 лютага а 10-й гадзіне ў канферэнц-зале».

Шалёна папулярную навінку «Айчына. Маляўнічая гісторыя» падпішуць на кірмашы аўтары – Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў. Новыя кнігі прэзентуюць і іншыя беларускія аўтары – Алена Масла, Вольга Гапеева, Людміла Рублеўская, Яніна Пінчук ды іншыя. Сярод перакладных навінак – літаратура Ізраілю, Чэхіі, Польшчы, Нарвегіі, Фінляндыі ды Швецыі.

Зʼявіліся і новыя серыі, на адну з іх звяртае ўвагу каардынатар кніжнай серыі «Нобэль па-беларуску» Сяргей Макарэвіч: «З гэтай кнігі пачалася серыя «Noblesse oblige» – гэта серыя нобэлеўскіх лаўрэатаў па-беларуску. Пад адной вокладкай гэтага выдання друкуюцца тры сусветна вядомыя раманы нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна: «Голад», «Пан» і «Вікторыя». І гэта першае месца, дзе мы яе паказваем публічна».

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання на кірмашы сёлета можна пабачыць факсімільныя выданні Францыска Скарыны ды зрабіць адбітак на прататыпе друкарскага станка родам з 16-га стагоддзя. І гэта далёка не ўсе цікавосткі!

Іншыя тэмы:

«Калісь глядзеў на сонца я…» – аповед у віцебскім тэатры.

Амаль стогадовыя плакаты, родам з 1920-х, прыехалі ў Берасце.

Цуды выцінанкі – як адрозніць беларускую?

Юлія Лабанава, Вольга Гардзейчык belsat.eu