Канапацкая: Прыйшоў час не кантраляваць, а забяспечыць доступ да інфармацыі


98 – за, 2 – супраць. Палата прадстаўнікоў ухваліла змены ў Закон аб СМІ, якія яшчэ ў стадыі праекту выклікалі вострую крытыку не толькі сярод незалежных журналістаў, але і праваабаронцаў, палітыкаў, грамадскіх актывістаў. Пры гэтым стваральнікі новых, яшчэ больш жорсткіх цугляў для свабоды слова, засталіся верныя традыцыі: узмоцнены кантроль за медыямі і, у прыватнасці, Інтэрнэтам замацавалі, а вось механізмы яго ажыццяўлення пакінулі на потым. У прыватнасці, абноўлены Закон аб СМІ вымагае аўтараў каментароў у Інтэрнэце праходзіць абавязковую ідэнтыфікацыю, але як тая ідэнтыфікацыя мае адбывацца – пакінулі на вызначэнне ўраду.

У «Гарачым каментары» – дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая прагаласавала супраць зменаў.

«Я лічу, што ў сённяшняй сітуацыі нават дзеючы закон не адпавядае патрабаванням часу, не кажучы ўжо пра гэтыя змены. Сёння прыйшоў час, не каб яшчэ больш кантраляваць, а каб Міністэрства інфармацыі занялася непасрэдна сваймі наўпроставымі абавязкамі і забяспечыла грамадзянам свабодны доступ да інфармацыі і свабоду слова. Гэтыя правы ў нас прадугледжаныя і Канстытуцыяй, і Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека», – заявіла Ганна Канапацкая.