«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Як ад беларусаў хаваюць сапраўдны маштаб эпідэміі


«Я не буду называць лічбаў. Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Гэтак афіцыйныя асобы Беларусі інфармуюць грамадзянаў аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Што ад нас хаваюць? Чаму нам адмаўляюць у праве на інфармацыю?

Параўнайце, як інфармуюць сваіх грамадзянаў іншыя дзяржавы.

«З раніцы, гадзіне а 910, публікуюць звесткі за мінулую ноч, і потым а 2122 публікуюць звесткі за мінулы дзень, – распавядае Валерый Іўшын, жыхар Ізраілю. – Пастаянна. Я нават бы сказаў, што занадта вялікую ўвагу гэтаму надаюць».

У агульным доступе – спіс усіх памерлых ад каронавіруса. Без імёнаў, але са звесткамі пра ўзрост і месца смерці. І этыка не замінае ізраільскім дактарам даваць людзям гэтую інфармацыю.

«У нас на вуліцах стаяць такія будачкі, як кіёскі. Ты падыходзіш да гэтага кіёска, і табе робяць тэст. І праз дзень-два табе прыходзіць паведамленне, нейкім чынам апавяшчаюць», – кажа Валерый.

Асабісты капітал
Медыцына не для ўсіх. Дзе і хто лечыць чыноўнікаў?
2020.04.27 20:05

І гэта цалкам бясплатна. У Літве таксама можна зрабіць тэст. Медыкі бясконца выступаюць у медыях, адказваюць нават на самыя дурныя пытанні, абмяркоўваюць і прызнаюць свае памылкі, калі яны здараюцца. А для самых трывожных працуе гарачая лінія ў пытаннях каронавіруса.

«Можна знайсці інфармацыю аб любым шпіталі, – кажа кіраўніца грамадскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, якая жыве ў Вільні. – Калі нават гэтай інфармацыі няма, можна патэлефанаваць на гарачую лінію, яны ўсё там распавядуць. І такой панікі няма, бо ў людзей ёсць уражанне, што ўлады ведаюць, што яны робяць. Трэба проста сказаць: рабі гэта, гэта… вось проста па спісе. Але нашая праблема ў тым, што Беларусь не атрымоўвае такіх спісаў, не мае такіх парадаў. У нас выходзіць Лукашэнка і кажа: трэба сядзець дома – і дома сядзець нельга, трэба навучацца дыстанцыйна – навучацца дыстанцыйна нельга… І ў людзей галава… Ведаеце, яны проста не могуць зразумець, што ім рабіць у гэтай сітуацыі. Зразумела, што з такімі парадамі ты выканаеш адну параду, то парушыш другую».

Размова
Лябедзька: Кошт чалавечага жыцця ў Беларусі меншы за кошт марлевай павязкі
2020.04.17 14:05

Што ні зрабі – застанешся вінаваты, што не так арганізаваў свае жыццё, працу і бізнес, не падрыхтаваўся да фінансавых стратаў. Міністэрства здароўя перастала адказваць на пытанні, не праводзіць брыфінгаў, забараняе медыкам кантакты з медыямі.

«Яшчэ раз падкрэсліваю: лекары лечаць, уся інфармацыя – у Адміністрацыі прэзідэнта ў штабе. Там вы разам вызначаецеся, як вы інфармуеце насельніцтва», – казаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Каму можа замінаць інфармаваны чалавек? Дакладна не медыкам. Ім лягчэй працаваць са спакойнымі хворымі. Але праз інфармацыю выплывуць праблемы медычнай сістэмы, сапраўдны тэхнічны стан раённых шпіталяў і тое, што там працаваць няма каму, бо нехта не бачыў праблемы ў тым, што медыкі гадамі з’язджаюць за мяжу. «Тое, што яны будуць міграваць, лекары, я асабліва не напружваюся», – прызнаўся неяк Аляксандр Лукашэнка.

«Кіраўнікам гэтых шпіталяў забаронена казаць гэтыя лічбы: і хворых, і колькасць ШВЛ, і гэтак далей, бо журналісты могуць патэлефанаваць ва ўсе шпіталі, а потым скласці гэтыя лічбы і пабачыць, што нешта з гэтымі лічбамі не тое», – выказвае сваю здагадку Вольга Карач.

Размова
Статыстыка пра COVID-19 хлусіць. Праўды не ведае нават Міністэрства аховы здароўя
2020.04.23 21:20

Паводле апытанняў, якія правялі кампаніі «Satio» і BEROC, 88 % беларусаў цікавяцца навінамі аб эпідэміі. І 2/3 лічаць, што інфармацыі ім недастаткова. Толькі 3 % задаволеныя захадамі, якія робіць дзяржава. 70 % апытаных турбуе, што колькасць хворых будзе павялічвацца. Але толькі 30 % беларусаў непакоіцца, што сістэма аховы здароўя можа з гэтым не справіцца.

Бессэнсоўна нагадваць уладам, што права атрымліваць поўную інфармацыю аб працы дзяржаўных органаў і эпідэмічнай сітуацыі нам гарантуе Канстытуцыя і закон. Павел для сябе вызначыў, што будзе дзейнічаць праз петыцыі. Ён патрабуе ўзмацніць правілы асабістага дыстанцыявання і нарэшце даць поўную інфармацыю пра тое, што адбываецца.

«Нібыта нічога моцнага, кепскага няма, усё нармальна. Людзі гуляюць, ходзяць, працуюць, кампаніямі збіраюцца. І фактычна, калі кагосьці кране, чалавек разумее, што так – гэта сур’ёзна», – здзіўляецца экскурсавод і грамадскі актывіст Павел Каралёў.

Яго цікавіць, пры якой колькасці хворых мэтазгодна ўводзіць каранцін, які план дзеянняў распрацаваны для рознага развіцця сітуацыі. Маўчанне толькі нагнятае напружанне ў грамадстве.

«Таму я заклікаю людзей пісаць звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, у Міністэрства аховы здароўя, у Міністэрства адукацыі, кіраўніку Праваслаўнай царквы, Каталіцкага касцёлу – з просьбай паспрыяць, каб прыйшло разуменне каштоўнасці чалавечага жыцця», – кажа Павел.

Hавiны
«Дзякуючы Лукашэнку дзіцё будзе выхоўвацца без маці». Родныя загінулых выказаліся пра «псіхоз»
2020.04.24 11:00

Эпідэмію сімвалічна параўноўваюць з Чарнобылем. Прайшло 34 гады, выраслі два пакаленні – а мы зноў недастаткова дарослыя, каб ведаць праўду. Нас клапатліва абараняюць ад псіхозу.

«У нашай рэспубліцы нікога падмануць немагчыма. Калі вы адзін раз падмане, вам ніхто верыць не будзе», – неяк сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Тым часам грамадства вымушана вядзе паралельны збор інфармацыі дзякуючы медыкам з лякарняў і сваякам загінулых ад каронавіруса. Людзі збіраюць подпісы і патрабуюць лічбаў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Як бізнес змагаецца з крызісам
  • Як эканомяць на інвалідах
  • Пераехаць у вёску, каб выжыць

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».