Кампанія «GoPro» выпусціла свой першы дрон, які можна насіць у заплечніку


Кампанія «GoPro» днямі афіцыйна прэзентавала публіцы свой першы дрон, які атрымаў назву Karma.

Пра тое, што «GoPro» працуе над уласным летаком, стала вядома яшчэ ў траўні мінулага года. Першапачаткова беспілотнік меркавалася выпусціць у першай палове гэтага года, аднак рэліз робата быў перанесены на некалькі месяцаў.

Галоўнымі вартасцямі квадракоптара Karma зʼяўляюцца прастата выкарыстання і зручнасць транспартавання – засвоіць кіраванне пры дапамозе штатнага кантролера з сенсарным экранам зможа любы карыстальнік, а канструкцыя дазваляе насіць Karma ў невялікім фірмовым заплечніку.

У пярэдняй частцы робата месціцца трохвосевы стабілізатар, на якім можна ўсталяваць камеру Hero 5 Black, Hero 5 Session, а таксама Hero 4. Пры гэтым стабілізатар можна выкарыстоўваць асобна ад беспілотніка, замацаваўшы яго на адмысловай ручцы, якая ўваходзіць у камплект. Старт продажаў Karma прызначаны на 23 кастрычніка. Кошт складзе $ 799.

КС, belsat.eu. Фота idigitaltimes.com