Мова Нанова Кальян з вялікімі князямі


Вялікія князі літоўскія глядзяць на нас са сценаў менскай кальяннай. Хто і навошта прыдумаў такі незвычайны дызайн?

Найноўшае выданне «Мовы нанова» Глеб Лабадзенка здымаў у незвычайным месцы.

Гаспадар «Кальяннай № 1» – рэстаратар, журналіст і калекцыянер Іван Мураўёў – распавядае:

«Кальянная» – гэта не бізнес, гэта хобі, дзе збіраюцца ў асноўным мае сябры. Яна існуе дзевяць гадоў, дзякуючы ёй я сустрэў шмат цікавых людзей».

Іван захапляецца беларускаю гісторыяй ды збірае рэчы, з ёю звязаныя. Адсюль шматлікія партрэты князёў на сценах, пра кожнага з якіх гаспадар можа распавесці цікавую гісторыю. Прычым па-беларуску, хаця ў штодзённым жыцці ён карыстаецца пераважна расейскаю моваю.

Глеб Лабадзенка з Іванам Мураўёвым дыскутуюць аб перапісе насельніцтва, які пройдзе ўжо ў кастрычніку. У перапісе вельмі падступна сфармуляванае пытанне пра беларускую мову: якая мова першая, засвоеная ў жыцці? Шмат хто адкажа, што гэта расейская мова, нават той, хто ў дарослым узросце прыйшоў да разумення, што ягоная родная мова – беларуская.

Як на гэтае пытанне адкажа Іван? Беларуская мова ў жыццё Івана ўвайшла з дзяцінства дзякуючы бацьку ягонага сябра, Міхасю Шавыркіну, галоўнаму рэдактару часопісу «Роднае слова». Іван назаўсёды запомніў, як Міхась размаўляў з ім малым па-беларуску.

Пасля хлопцы паехалі паглядзець на сімвал Беларусі на меркаванне Івана. Герой праграмы ўпэўнены, што гарадзішча, дзе быў закладзены Менск, можа аб’яднаць беларусаў.

У граматычнай частцы праграмы Алеся Літвіноўская патлумачыць, чым адрозніваюцца словы комін, камін і камінар.

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Фота: tatarnikov.com

Глядзі таксама
Каментары