Каляды на «Менск-Арэне»: хакейнае «Дынама» зладзіла свята для гледачоў


Дрэнныя вынікі менскага «Дынама» у КХЛ паўплывалі на наведвальнасць «Менск-Арэны»: гледачоў сюды прыходзіць усё меней. 7 студзеня заўзятарам «зуброў», акрамя хакею, паабяцалі святочную калядную праграму. Яна была насычаная і цікавая, у адрозненне ад гульні менчукоў.

Каляды – час цудаў. Праўда, трапіць у плэй-оф КХЛ менскаму «Дынама» сёлета наўрад ці дапаможа нават цуд. Каб неяк узняць настрой сваім заўзятарам, клуб зладзіў на «Менск-Арэне» каляднае святкаванне.

– Як накалядаваць менскаму «Дынама» выхад у плэй-оф КХЛ? – спыталі мы ў народнага ансамблю «Шчодрыца», які выступаў у фае.

– З Божай дапамогай!

– А вас часта запрашаюць на такія спартовыя мерапрыемствы выступаць?

– Мы калісьці ўздымалі баявы дух нашага «Дынама» у Бабруйску. І яны тады выйшлі ў плэй-оф! Таксама, калі быў чэмпіянат свету па хакеі, мы падтрымлівалі нашых, віталі гасцей, знаёмілі іх з нашай культура. Увогуле, усе ўжо зразумелі, што мы такі своеасаблівы талісман! – жартуюць дзяўчаты з ансамблю.

Тым часам побач з лядовай пляцоўкай выступаў вядомы гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса». Па трыбунах хадзілі калядоўнікі, у гульнявых паўзах уключалі беларускамоўныя песні, у перапынках паміж перыядамі ладзілі забавы для дзетак.

«Гэтая ідэя паўстала, таму што на кожную гульню мы стараемся зрабіць нейкае адмысловае афармленне. А гэта найлепшая нагода, каб зрабіць каляднае афармленне. У нас беларуская мова выкарыстоўваецца не толькі на калядных гульнях. Яна выкарыстоўваецца заўсёды. Сёлета ў нас слоган па-расейску: «В одном звене», але ў мінулыя гады было «Верым, можам, пераможам!», «Нам родная каманда», – зазначае PR-спецыяліст менскага хакейнага «Дынама» Антон Рогач.

Сёлета «зубры» праводзяць адзін з найгоршых сезонаў за час выступаў у КХЛ. Шанцаў на выхад у плэй-оф фактычна няма, яны толькі матэматычныя. З гэтым змірыліся і заўзятары:

«Калядуй – не калядуй – ёсць матэматыка. У плэй-оф яны ніяк не выйдуць. Сто працэнтаў. Ужо занадта вялікі адрыў».

«Калі ўсе пачнуць саступаць, хто ідзе перад намі, тады можа быць. Але трэба было раней брацца за розум!»

«Сябры, шыкоўная атмасфера. Ну і хакей ужо паралельна. Вось так у гэтым сезоне. Калі перамога – то гэта бонус!»

Гэтым разам абышлося без бонуса. Гульцы «Дынама» вырашылі павіншаваць з Калядамі не заўзятараў, а супернікаў, нарабіўшы недарэчных памылак у абароне і прапусціўшы ад «Куньлуня» 5 шайбаў. Гэта дзявятая запар хатняя параза «зуброў».

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu