Траянскі конь Пуціна


Слова года «Томас», небяспека года – Расея. Вядоўцы праграмы «Размова тыдня» падводзяць вынікі 2018 года і робяць прагноз на год наступны.

Небяспека года

Абвастрэнне стасункаў паміж Менскам і Масквою – справа не новая, але тое, як сур’ёзна расейскія чыноўнікі ўзяліся за пытанне інтэграцыі, як мінімум насцярожвае.

«Небяспека не ў планах Пуціна, а ў тым, што ў Беларусі досыць людзей, якія лічаць, што ён мае рацыю. Не тое, каб гэта небяспека гэтага года. Гэта памылка ўсіх 25 гадоў прэзідэнцтва Лукашэнкі. Памылка казаць, што беларусы і расейцы – адзін народ, што мы браты і адзін без аднаго не пражывем. А людзі нашыя даверлівыя, людзі нашыя не канфліктныя, слухаюць усё гэта і ў выніку мы маем сітуацыю, што нават тыя, хто ў апазіцыі да Лукашэнкі, сёння любяць Пуціна. І сёння на ўсе гэтыя развагі кажуць, што, можа, і лепей, можа, у нас грошай дадасца. Мы ж адзін народ, што нам дзяліць. І мне падаецца, што гэта самая вялікая небяспека, бо якія б планы не будаваў Крэмль, калі б яны ведалі, што Беларусь паўстане, як адзін, супраць падобных планаў, нават не агучваліся б такія планы», – выказалася вядоўца праграмы «Размова тыдня» Святлана Калінкіна.

Пазітыўная падзея года

На фоне змрочных прагнозаў і прадчуванняў не так проста ўзгадаць найбольш пазітыўныя падзеі года. Між тым, вядоўца «Размовы тыдня» Усевалад Сцебурака лічыць, што сёлета адбылася вельмі знакавая падзея ў жыцці Беларусі.

«Я б назваў належнае святкаванне БНР-100, якое адбылося нягледзячы на ўсе перашкоды, якія рабіліся, прычым нават не ўладамі, а нашымі непаразуменнямі ўнутры. Тое, ува што не верылася да апошніх тыдняў, адбылося на самым сімпатычным узроўні», – згадаў сакавіцкія святкаванні спадар Усевалад.

Заўвага года

Вядоўца «Размовы тыдня» Уладзімір Мацкевіч зазначыў, што часцяком мы канцэнтруемся выключна на негатыўных падзеях. Каб заўважыць добрае, трэба паглядзець з іншай перспектывы. Або з іншага часу.

«Беларусь нарэшце наведаў герой «Салідарнасці» Адам Міхнік, якога 22 гады не пускалі ў сюды пасля ягонага знакамітага інтэрв’ю з прэзідэнтам. Ён прайшоўся па Менску і застаўся ўражаны, бо Менск – еўрапейскі горад. Мы шмат увагі надаем розным недарэчнасцям і памылкам, але ж павольна, можа быць, насуперак рэжыму і ўладзе Менск і Беларусь змяняюцца, змяняюцца ў добры бок», – адзначыў Уладзімір Мацкевіч.

Больш вынікаў года і прагнозаў ад вядоўцаў праграмы «Размова тыдня» глядзіце ў поўным выданні праграмы.