Калі вайскоўцы пяройдуць на бок народу?


Якія армейскія падраздзяленні маглі быць задзеяныя ў разгонах вулічных пратэстаў пасля выбараў? Ці шмат вайскоўцаў звольнілася з Узброеных сілаў за апошнія месяцы? Ці давярае Лукашэнка арміі, ці паважаюць яго афіцэры? І пры якіх умовах прыхільнікі пераменаў у камуфляжы гатовыя больш моцна сябе праявіць? Пра гэта даведаемся ў праграме «Шчыра кажучы».

Паводле вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна, далучэнне вайскоўцаў да задушэння пратэстаў было мінімальнае, бо ўлады асцерагаюцца, каб ва Узброеныя сілы не пратачыліся апазіцыйныя настроі.

«Армія не любіць міліцыю традыцыйна. Армія досыць пагардліва ставіцца да міліцыі, гэта заўсёды было. Менавіта таму, што міліцыя выконвае функцыі ўціхамірвання народу», – тлумачыць вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Шмат якіх вайскоўцаў на армейскай службе трымае і права на пенсію за выслугу гадоў. Пры выслузе не менш за 20 гадоў кантрактнік можа пайсці на пенсію пры дасягненні парогавага ўзросту знаходжання на вайсковай службе. З 2022 года гэты ўзрост складзе ўсяго 48 гадоў.

Апошнія гады з’явіліся бонусы і для тых, хто адбудзе тэрміновую службу: ад залічэння яе ў страхавы стаж да прадстаўлення першачарговага права на пакой у студэнцкім інтэрнаце. Тым не менш, беларускія хлопцы не надта імкнуцца служыць у войску.

«Што войска, што МУС – усё патрыятычнае выхаванне ў нас выключна савецка-расейскае. Беларускасці там як такой не было, за выняткам двух-трох гадоў у 1990-я. Зыходзячы з гэтага яны глядзяць на Расею. Для іхнай ментальнасці Захад – гэта вораг. Але калі раней гэта было «Ура, хаўрусніцтва і ўваходжанне ў Расею», то вядома, што цяпер запыт на незалежнасць вырас у грамадстве – і ў войску таксама», – дадае вайсковы эксперт Ягор Лебядок.

Прарасейскасць часткі беларускага войска можа захоўвацца і таму, што многія высокапастаўленыя камандзіры маюць у біяграфіях навучанне ў расейскіх вайсковых ВНУ – у тым ліку ў Вайсковай акадэміі Генштабу Узброеных сілаў Расеі. Сярод такіх, напрыклад, камандуючы Сіламі спецыяльных аперацыяў Вадзім Дзенісенка ці першы намеснік міністра абароны Аляксандр Вальфовіч.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Як жыла беларуская армія ў 2020 годзе падчас каронавіруса і прэзідэнцкіх выбараў?
  • Як жаўнераў рыхтавалі да разгону пратэстоўцаў, і пра што яны гавораць у казармах?

Калаж: Stringer / TASS / Forum, Mikhail Metzel / TASS / Forum

Belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў.