Калі ўпаў і не можаш падняцца. Беларусы запускаюць сэрвіс, які дапаможа самотным пенсіянерам


Прадпрымальнікі з Менску стварылі адзіны ў краіне сэрвіс, які імгненна паведамляе, што чалавеку кепска, ён упаў і патрабуе дапамогі.

Невялічкі кулон можа выратаваць жыццё, упэўнены стваральнік праекту «Лінія жыцця 24/7» Уладзімір Казакоў. Разам з аднадумцамі прадпрымальнік запусціў гарачую лінію, якая 24 гадзіны сем дзён на тыдзень прымае тэлефанаванні і звароты ад пажылых людзей ды інвалідаў. Спецыфіка новага праекту ў тым, што для сувязі з аператарам дастаткова націснуць на кулон, які выдаюць кожнаму абаненту лініі.

«Як гэта часта бывае са стартапамі, у іх падмурку ляжаць асабістыя гісторыі. У канцы 2017 года мая бабуля была дома, упала, ледзь дакрычалася да суседзяў, і толькі праз некалькі гадзінаў ёй аказалі дапамогу. Праз гэта яна яшчэ тыдзень праляжала ў лякарні», – распавёў спадар Уладзімір.

Пасля гэтага выпадку Уладзімір зразумеў, што без сістэмы падтрымання няшчасныя выпадкі з бабуляй будуць толькі паўтарацца. Спачатку шукаў адмысловыя прылады для хуткага кантакту з дактарамі па ўсёй краіне, а калі зразумеў, што ў нас такіх не існуе, разам з аднадумцамі заняўся іх вытворчасцю.

Прылада, якая дазваляе выйсці на тэрміновую сувязь з аператарам, мае адмысловае праграмнае абсталяванне. Усе звесткі абанента, які падключаны да «Лініі жыцця», захоўваюцца ў базе, у тым ліку і інфармацыя пра хваробы. Калі чалавек губляе прытомнасць і рэзка падае, прыстасаванне паведамляе пра гэта аператару. Якім чынам дапамога працуе далей, глядзіце ў праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам і сацыяльным прадпрымальнікам Уладзімірам Казаковым.

Фота вокладкі – REUTERS/Vasily Fedosenko