Калі ад Лукашэнкі пабягуць высокапастаўленыя чыноўнікі?

Аляксандр Лукашэнка правёў таемную інаўгурацыю, на мерапрыемстве не было прэзідэнтаў з іншых краінаў, не зладзілі і трансляцыі па тэлебачанні. Беспрэцэдэнтная сітуацыя ў найноўшай гісторыі.

Тым часам беларусы не спыняюць пратэстаў. Супраць нязгодных праводзяцца як масавыя, гэтак і кропкавыя рэпрэсіі. Чарговае выданне ток-шоу «Кожны з нас» якраз і пачынаецца з такіх гісторыяў. У затрыманай на дэманстрацыі Алены Лазарчык забралі ў прытулак 6-гадовага сына, а беларускамоўнага Улада Клаўкіна дэпартавалі з краіны на 10 гадоў.

Але беларусы адмаўляюцца скарацца, палітычны крызіс працягваецца. Лукашэнка перамог, ці ўсё ж надыдуць перамены?

Ключ да перамогі

У студыі выступае Ігар Ляшчэня, адзін з самых дасведчаных беларускіх дыпламатаў, былы дарадца Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ нядаўна, будучы надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам у Славаччыне, ён не стаў праводзіць фальсіфікацыяў на сваім участку, а калі даведаўся пра паслявыбарчы гвалт, запісаў два відэазвароты з асуджэннем яго. Пасля гэтага яго звольнілі ды пазбавілі дыпламатычнага рангу. Чаму ж такіх дыпламатаў пакуль адзінкі?

«Я лічу, што большасць чыноўнікаў унутры… з народам. Але высокі чыноўнік, з дзяржаўным мысленнем, ён хоча бачыць выразнага апанента ўлады і разумець ягоную праграму, – аналізуе Ігар Ляшчэня. – Чыноўнік, як і Пуцін, не бачыць, з кім размаўляць у Каардынацыйнай радзе. Калі б Павел Латушка, калі ён падышоў да Адміністрацыі, з гонарам і артыстычна сказаў, што хоча перамоваў з Лукашэнкам, а яго паслалі… Ён бы сказаў: «Вы са мной не хочаце размаўляць – заўтра будзе агульнанацыянальная забастоўка!» І яна была б. Тады з ім бы гаварылі».

Планы Расеі: зрынуць Лукашэнку ці захаваць яго любой цаной?

У пратэставым руху ёсць прыкметы пэўнага тупіка, але Ігар Ляшчэня не выключае, што неўзабаве адбудуцца перамены. Пры гэтым новыя беларускія ўлады будзе абавязаныя пайсці на асаблівыя дачыненні з Расеяй.

Старшы аналітык «Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі» Андрэй Ягораў пагаджаецца з думкай, што ў сённяшняй сітуацыі шмат залежыць ад Расеі, якая ў гэтым момант не бачыць, з кім канкрэтна размаўляць у Каардынацыйнай радзе.

«Праблема не ў канкрэтным чалавеку, а ў палітычнай вазе, – мяркуе Андрэй Ягораў. – Калі палітычная вага дастатковая, гэтага чалавека папросту немагчыма абмінуць. Я вас запэўніваю, што Расея ўжо спрабуе весці пэўныя перамовы з Каардынацыйнай радай. З іншага боку, для афіцыйнага кантакту яны пакуль не бачаць гэтай суб’ектнасці. Але як толькі Расея гэта пабачыць, як толькі сіла будзе відавочная, яны ўсталююць і фармальныя кантакты».

Да чаго прывядзе рэвалюцыя пад бел-чырвона-белымі колерамі?

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, абапіраючыся на гісторыю чалавецтва, тлумачыць, у якой фазе сёння беларуская рэвалюцыя і што можа адбывацца далей. Першапачатковы пратэст – абавязковая стадыя. Далей павінна аформіцца выразнае палітычнае прадстаўніцтва.

«Сам Лукашэнка не сыдзе. Яны стралялі, білі, катавалі, ганялі па ўсім горадзе, але прыпыніць пратэстаў не могуць, – тлумачыць Уладзімір Мацкевіч. – Калі сёння пратэстоўцамі кіруе NEXTA, то не агучваецца канкрэтная мэта. Каардынацыйная рада спазняецца з рашэннямі на тыдні, а часам і месяцы. Надышоў час ствараць выразны палітычны цэнтр, які дакладна скажа, чаго ён хоча. Мне насамрэч падабаецца развіццё падзеяў. Працэс рухаецца ў патрэбным кірунку, нашая перамога абавязкова будзе».

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную сераду а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Народны ўльтыматум. Беларусы даб’юць Лукашэнку?

Іх кінулі ў няволю за кожнага з нас. Гісторыі палітвязняў

У Лукашэнкі здаюць нервы. Апошняя гульня дыктатара

Не слабы пол. Жанчыны перагулялі ўлады і змяняюць Беларусь

Канец рэжыму непазбежны ці «ўсё прапала»?

Да чаго прывядзе рэвалюцыя пад бел-чырвона-белымі колерамі?

«Таго, што не дыхаў, выкінулі з аўтазака». Сведчанні ахвяраў гвалту

Планы Расеі: зрынуць Лукашэнку ці захаваць яго любой цаной?