Каго сустрэў італьянец на дыскатэцы ў сельскім клубе пад Драгічынам?


Італьянец Рабэрта марыў адчуць атмасферу беларускага жыцця ў правінцыі, а таксама апынуцца на вясковай дыскатэцы. Дзеля гэтага каманда праграмы «Welcome ў Беларусь» выпраўляецца разам з ім у палескую вёску Заверша, што пад Драгічынам, зрабіўшы прыпынак у самім горадзе.

Італьянец Рабэрта ў Драгічыне
Італьянец Рабэрта ў Драгічыне

Райцэнтр уражвае Рабэрта, ён параўноўвае яго са швейцарскім мястэчкам. А ад самой вёскі італьянскі госць прыходзіць у захапленне:

«Я шчаслівы. Мне падабаецца тутэйшая атмасфера. Я думаў, што на вёсцы людзі шмат п’юць, бо маюць сумнае жыццё, а насамрэч наадварот. Мне здаецца, тут людзі паводзяцца лепш, чымся ў Менску».

У Завершы Рабэрта знаёміцца з паспяховым відэаблогерам Мікалаем, які ладзіць дыскатэку ў сельскім клубе ды запісвае душэўныя песні для свайго YouTube-каналу. Песні гэтыя ў выкананні мясцовых дзяўчат збіраюць мільёны праглядаў! А відэаблог Мікалая «Лядовичи Фазенда» агулам паглядзелі больш за пяцьдзясят мільёнаў чалавек.

Рабэрта з зоркай YouTube, спявачкай Вольгай Гваздоўскай

На дыскатэцы беларускія дзяўчаты скарылі італьянца сваім хараством:

«Дзяўчаты тут выглядаюць больш натуральна і проста, чым у Менску. Яны дакладна не колюць гіялуронавую кіслату ў вусны».

Палескія дзяўчаты

Першы раз Рабэрта быў у Беларусі дваццаць гадоў таму. Ад таго часу ён згадаў адну рэч, якая яго вельмі ўразіла, і на якую ён марыць паглядзець зноў. Дзеля гэтага прыйшлося нават паехаць у Мар’іну Горку, больш за 300 кіламетраў. Што ж гэта такое? Глядзіце ў праграме «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Праграма «Welcome ў Беларусь» выходзіць кожную нядзелю а 20:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.