Каго падтрымаюць беларусы ў ЗША: Гілары Клінтан ці Доналда Трампа?


Хто будзе наступным прэзідэнтам ЗША: Гілары Клінтан ці Доналд Трамп? Адказу на гэта пытанне сёння не ведае, бадай, ніхто. Некаторыя сацыялагічныя апытанні засведчылі, што скандальны кандыдат-мільярдэр пасля часовага адкату зноўку дагнаў у папулярнасці прадстаўніцу Дэмакратычнай партыі.

Літаральна цягам тыдня агульная перавага Клінтан над Трампам зменшылася да статыстычнай памылкі, сведчыць даследаванне «The New York Thimes»: 45 % супраць 42 % галасоў. Пры гэтым кандыдатка ад дэмакратаў мае куды больш папулярнасці сярод жанчын, а рэспубліканец – сярод мужчын. Выбары прэзідэнта ў ЗША адбудуцца ў наступны аўторак – 8 лістапада, аднак на сённяшні дзень сваім правам голасу ўжо скарыстаўся кожны пяты выбарца – гэта каля 22-х мільёнаў чалавек агулам.

Прадстаўнік Беларуска-амерыканскага задзіночання Валер Кавалеўскі зазначыў, што большасць амерыканскіх выбарцаў ужо вызначылася, за каго будзе галасаваць, таму ніякія скандалы ўжо не змогуць змяніць іхнага меркавання.

Паводле спадара Кавалеўскага, беларусы ў ЗША звычайна падтрымліваюць кансерватараў, але беларуская моладзь, якая жыве ў амерыканскіх гарадах ды мае больш ліберальныя погляды, схіляецца да Гілары Клінтан.

«У гэтай кампаніі шмат што змяшалася і кандыдаты вельмі нетрадыцыйныя, асабліва Доналд Трамп. За яго некаторым рэспубліканцам складана выступаць. Адначасова некаторым дэмакратам цяжка падтрымліваць Гілары Клінтан, бо яны ведаюць гісторыі ейных скандальных рашэнняў ці пра ўдзел у скандальных сітуацыях. Таму сказаць, што большасць беларусаў падтрымліваюць таго ці іншага кандыдата, – складана», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu