Каго адправіць на «Еўрабачанне», каб перамагчы? Фальсіфікацыі, скандалы і беларуская мова


Героі праграмы распавядаюць пра тое, чым яны не дзеляцца нават з сябрамі ў сацыяльных сетках. «Прыват» – душэўна пра чалавечыя душы і мары.

Беларусь рыхтуецца 15-ты, юбілейны, раз узяць удзел у музычным конкурсе «Еўрабачанне». Зноў будзе шмат спрэчак каго пасылаць, а вынік – той самы? Чаму ў дзіцячым «Еўрабачанні» мы перамагаем, а ў дарослым толькі 5 разоў наагул траплялі ў фінал з 14 спробаў. Што не так? Вы ў «Прываце» з Валярынай Куставай, а тэма праграмы: «Нашы на «Еўрабачанні», або Чаму спяваем міма?»

Прааналізаваць нашыя паразы і перамогі на галоўным музычным конкурсе свету Валярыне дапаможа журналіст і PR-менеджар шмат каго з удзельнікаў музычнага конкурсу Сяргей Андрыянаў, пастаянны сябра журы нацыянальных адбораў да «Еўрабачання».

Сяргей прыгадаў, што скандалы і фальсіфікацыі на адборы беларускіх удзельнікаў конкурсу адбываліся з самага пачатку нашага ўдзелу:

«Калі паехаў дуэт «Аляксандра і Канстанцін», насамрэч перамагла Наталля Падольская. Адбылася першая фальсіфікацыя. Як карабель назавеш… Гэтак і пайшло».

І сапраўды, пацверджаннем – штогадовыя скандалы: з Анжалікай Агурбаш, Дзмітрыем Калдуном, з Русланам Алехнам, з гуртом «Litesound», Ірынай Дарафеевай, Алёнай Ланской і з іншымі ўдзельнікамі.

Ці сапраўды беларускамоўны гурт «Палац» здольны атрымаць перамогі для Беларусі? Што важней: песня па-беларуску альбо прафесійны харызматычны выканаўца? Якія складнікі дапамогуць нам перамагчы? І якія памылкі мінулых удзельнікаў трэба ўлічыць? Фальсіфікацыі: каго калі падманулі і адкінулі несправядліва? Колькі каштуе ўдзел у конкурсе і хто фінансуе выканаўцаў?

Таксама ў праграме вас чакаюць сустрэчы з выканаўцамі, якія рэпрэзентавалі Беларусь на «Еўрабачанні» ў розныя гады. Яны і раскажуць пра закуліссе конкурсу.

А таксама сакрэтамі конкурсу падзеляцца Вольга Сацюк, зорка дзіцячага «Еўрабачання», якая збіраецца выступіць і ў дарослым. І народны ансамбль «Спасаўка», удзельнікі Нацыянальнага адбору на Еўрабачанне летась.

А каго б адправілі спяваць за Беларусь на «Еўрабачанне» вы? Дзяліцеся з «Прыватам», бо «Прыват» – гэта, у прыватнасці, і пра вас.

Праграму «Прыват» Валярыны Куставай глядзіце кожны аўторак а 19:00 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.