Закон супраць хатняга гвалту. Умяшальніцтва дзяржавы ў справы сям'і ці абарона?


Людзі баяцца пускаць дзяржаву ў свае дамы – так тлумачаць негатыўныя водгукі аб магчымых зменах у законе аб хатнім гвалце. Між тым, пакуль каментатары ламаюць дзіды ў інтэрнэт-спрэчках, краіну шакавалі падрабязнасці справы аб забойстве двухгадовай Марыны са Слуцка.

Аб галоўных падзеях тыдня Уладзімір Мацкевіч гутарыў з медыяэкспертам Янінай Мельнікавай і журналісткай са Слуцка Вікторыяй Капскай у праграме «Размова тыдня».

«Марусю білі, Маруся здохла» – гэтыя словы шасцігадовага хлопчыка Аляксея абляцелі на гэтым тыдні ўсе беларускія СМІ. Гэтыя паказанні разам з іншымі сведчаннямі дзяцей былі зачытаныя ў судовай залі падчас слухання справы аб забойстве двухгадовай Марыны. Следства лічыць, што сужыцель яе маці нанёс дзяўчынцы каля 198 удараў з-за чаго дзіця памерла, але зараз справа накіравана на даследаванне – падазроны кажа, што на яго ціснула следства.

«Мне падаецца, што абвінавачаны нечага не кажа. Таму што на судзе, калі запыталі ў абвінавачанага, адкуль у яго сляды ўдараў, пашкоджанні, сінякі, ён адказваў: «Не памятаю». Пры гэтым ягоная маці шаптала ў гэты момант: «Скажы пра бойку, скажы пра бойку». Што гэта была за бойка і як яна магла паўплываць на ход падзеяў – таксама не вядома», – зазначае журналістка слуцкага выдання «Інфакур’ер» Вікторыя Капская, якая вядзе прамыя рэпартажы з залі суда.

Пакуль уся краіна даведваецца новыя жахлівыя падрабязнасці забойства маленькай дзяўчынкі, так і не стаіць кропка ў пытанні новага закона аб хатнім гвалце. Спрэчкі не сціхаюць нават на тле таго, што слуцкую трагедыю можна б было перадухіліць.

«Людзі трохі запужаныя дэкрэтам нумар 18 і тым, як яго выкарыстоўвае дзяржава, ўлады і дзяржаўныя органы, органы сацыяльнай абароны і гэтак далей. Але з іншага боку мы ведаем і шмат прыкладаў, калі ахвяры гвалту звярталіся да дзяржаўных органаў, кажучы пра тое, што муж ці жонка сістэматычна збіваюць, але з іх проста смяяліся, бо ў дзяржавы не было інструментаў кантролю. Таму спадзеў на тое, што калі закон будзе прыняты, людзі б змаглі больш-менш нармальна гэтыя праблемы вырашаць, каб гвалт меў нейкія наступствы і не трэба для гэтага забіваць дзіця», – выказалася медыяэксперт Яніна Мельнікава.

Падрабязней пра галоўныя тэмы тыдня – у праграме «Размова тыдня» з Уладзімірам Мацкевічам.