Ізраіль смуткуе з нагоды смерці Пэрэса


Вялікая страта для Ізраілю і ўсяго свету. У Тэль-Авіве на 94-м годзе сышоў з жыцця былы прэзідэнт Ізраілю, нарадзінец Беларусі Шымон Пэрэс. Няпросты шлях палітыка ад беларускага Вішнева да Іерусаліму – у матэрыяле Віталя Бабіна.

Сын Беларусі, дзявяты прэзідэнт Ізраілю і нобэлеўскі лаўрэат міру Шымон Пэрэс памёр пасля перанесенага інсульту ў медычным цэнтры «Тэль Хашамэр» паблізу Тэль-Авіву.

«Сёння мы развітваемся з нашым любым бацькам. Ён нястомна працаваў для краіны з самага першага дня нашай дзяржавы да апошняга дня свайго жыцця», – кажа Хэмі Пэрэс, сын Шымона Пэрэса.

Напярэдадні здароўе 93-х гадовага палітыка рэзка пагоршылася. Тады ж дактары паведамілі, што шанцаў вярнуць Пэрэса да жыцця амаль няма.

«Шымон Пэрэс пакінуў нас без пакутаў. Выдатная каманда ў медычным цэнтры змагалася за ягонае жыццё з усіх сілаў. Ён не адчуваў болю і не страціў годнасці», – заўважае Рафі Вальдэн, асабісты доктар Ш.Перэса, зяць памерлага.

Пахаванне ветэрана ізраільскай палітыкі прызначанае на 30-га верасня, дзяржаўная цырымонія развітання пройдзе ўжо заўтра.

«Сёння ў свеце ўсе, здаецца, зваряцелі. Пэрэс быў на крок вышэйшы за палітыку цяперашняга часу», – адзначае жыхар Тэль-Авіву.

Іншы кажа:

«Мы мусім моцна яго паважаць за ягоныя спробы ісці наперад ды за намаганні сфармаваць шлях, дзе быў бы магчымы мір».

Шымон Пэрэс нарадзіўся ў заходняй Беларусі ў вёсцы Вішнева. У 11 гадоў разам з бацькамі пераехаў у Палестыну. Карʼера будучага палітыка распачалася ад самага пачатку стварэння незалежнага Ізраілю – ён займаў пасады міністра замежных справаў, узначальваў Міністэрства абароны, двойчы быў прэмʼерам Ізраілю. Непасрэдна прэзідэнцкую пасаду Пэрэс займаў з 2007-га да 2014-га года.

«Гэта сумная раніца для ўсіх нас. Няма ў гісторыі Ізраілю такой старонкі, у якой Шымон не адыграў бы ролі», – заяўляе прэзідэнт Ізраілю Рэʼувэн Рыўлін.

У 1994 годзе Шымон Пэрэс атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру – разам з прэмʼерам краіны Іцхакам Рабінам ды палестынскім лідарам Ясэрам Арафатам за ролю ў мірных перамовах у Осла, якія паклалі пачатак працэсу перадачы ўлады Палестынскай аўтаноміі.

У гісторыі сучаснага Ізраілю Пэрэс запомніцца найперш як міратворац – на пасадзе прэзідэнта краіны ён неаднаразова выказваўся за неабходнасць стварэння кампрамісу ў пытаннях кантролю над памежнымі з Палестынай тэрыторыямі.

А вось што пра асобу Пэрэса думае старшыня Еўрапарламенту Марцін Шульц:

«Для шмат каго Пэрэс быў апошнім вялікім бацькам ізраільскай нацыі, які на працягу ўсяго свайго жыцця змагаўся за мір».

Шымон Пэрэс – не адзіны ўраджэнец Беларусі, які зрабіўся неадемнай часткай гісторыі сучаснага Ізраілю. З шэрагу знакамітых ізраільцян-палітыкаў, якія нарадзіліся ў нашай краіне, былі прэзідэнты Хаім Вэйцман і Зальман Шазар, прэмʼер-міністры Мэнахэм Бэгін ды Іцхак Шамір, міністры і дыпламаты Машэ Коль ды Элі’эзэр Каплан ды шмат іншых сыноў нашай Бацькаўшчыны.

Віталь Бабін