Ірландскія дудары зайгралі з беларускім вайсковым аркестрам


Паводле знаўцаў, ірландскія дуды вельмі падобныя на беларускія.

У Менску выступаюць дудары 2-га Каралеўскага ірландскага палка брытанскай арміі разам з Узорна-паказальным аркестрам Узброеных сілаў Беларусі. Пасля доўгага перапынку гэта першы супольны канцэрт брытанскіх і беларускіх вайскоўцаў. Урачыстасці адбываюцца ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны, бо нас аб’ядноўвае не толькі агульны нацыянальны інструмент – тлумачыць арганізатарка імпрэзы, амбасадарка Вялікай Брытаніі Фіёна Гіб:

«Абодва нашыя народы пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны. І я думаю, Беларусь асабліва пацярпела падчас вайны. І гэта як сімвал нашага супольнага змагання, агульнай ахвяры».

Амбасадарка падкрэсліла, што брытанцы памятаюць пра беларусаў, якія ў складзе арміі Андэрса змагаліся з нацыстамі пад Монтэ-Касіна, вызваляючы Італію. Данінаю памяці – тужліва і адначасова ўрачыста – і гучыць архаічная ірландская дуда. Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, з ліку запрошаных гасцей, падзяліўся ўражаннямі ад выступу: «Ірландскія дуды вельмі падобныя на беларускія дуды. І вось людзі, якія тут сядзелі, для іх гэта не была нейкая чужая музыка. Гэта быў такі гарманічны склад: беларускі аркестр і брытанскія вайскоўцы былі адным цэлым».

Закончыўся канцэрт супольным выкананнем «Le Temps des Cathédrale» з «Notre-Dame de Paris». Гэтая кампазіцыя традыцыйна закрывае міжнародныя музычныя фестывалі сярод вайскова-духавых аркестраў.

Іншыя тэмы:

  • Фотаздымкі з прыватных архіваў жыхароў памежжа – на выставе ў Берасці.Гукі Дабравесту – у вершах па-беларуску.
  • «Оскары-2017» і бар’ер для мастакоў.
  • Лондан жартуе з палітыкаў.

Таццяна Уласенка, Вольга Гардзейчык