ІП прапануюць «народны ўказ» па падатках, па якім пералічаць айчынным вытворцам $ 3 млн


Лідар абʼяднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» тлумачыць сутнасць указу, які мае стаць альтэрнатывай скандальнаму ўказу №222.

Шматдзетная сямʼя з Пінску гандлявала будаўнічымі матэрыяламі айчыннай вытворчасці. Па выніках правярання дзейнасці ІП, падаткавая інспекцыя налічыла сямʼі штрафаў больш як на паўмільёны долараў ЗША. Усе суды прадпрымальнік прайграў, застаўся толькі Вярхоўны.

Падобныя гісторыі можна знайсці ў розных рэгіёнах Беларусі. Каб спрасціць працу і жыццё іпэшнікаў, абʼяднанне «Перспектыва» распрацавала праект з прапановаю ўвесці адмысловы фіксаваны збор і дазволіць гандляваць без сертыфікатаў якасці. Гэткі «народны ўказ» мае стацца альтэрнатываю нашумеламу дэкрэту №222, які дзейнічае ад пачатку гэтага года і ўжо стаўся прычынай значнага пагаршэння ўмоваў працы альбо нават банкруцтва часткі іпэшнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці, прывезенымі пераважна з Расеі. У «Гарачым каментары» – лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка.

«Мы прапануем перайсці на фіксаваны падатак на дадатковую вартасць. Тым самым заменім усе дакументы. Таксама прапануем выплочваць фіксаваны каэфіцэнт за тавары, якія вырабленыя не ў Беларусі. І суму плацяжоў гэтага фіксаванага каэфіцэнту за тавары, вырабленыя не ў Беларусі, – накіроўваць на падтрымку айчыннага вытворцы. Мы падлічылі, што за год гэта сума можа скласці парадку $ 3 млн», – адзначыў Анатоль Шумчанка.

А таксама агучыў, што трэба зрабіць, каб уратаваць індывідуальных прадпрымальнікаў:

«Мы мяркуем, што для спынення адтоку прадпрымальнікаў і стабілізацыі сітуацыі ў гэтай частцы эканомікі неабходна стварыць казачныя і цяплічныя ўмовы для ІП. Хто хоча працаваць паводле 222-га ўказу з дакументамі – няхай працуе. Хто адчувае, што гэта небяспечна для яго, у яго мае быць права выбару весці дзейнасць згодна з «народным» праектам, які прадугледжвае фіксаваны збор».