Людскія справы Інвалід змагаецца за сваю дзяўчыну-сірату, якую змясцілі ў «псіхушку»


У Беларусі больш за 30 тысяч сірот. Вялікая частка з іх выхоўваецца ў адмысловых дзяржаўных установах, а, значыць, юрыдычна іхнымі апекунамі з’яўляюцца кіраўнікі гэтых установаў. Часам гэты момант становіцца барʼерам для вонкавай дапамогі дзецям-сіротам.

Герой нашага сюжэту – Дзіма Сумар, ён ciрата. Калi хлопец быў падлеткам, ён трапіў у дзіцячы дом сямейнага тыпу да Наталлi Янушкевіч. Апякунка зрабіла хлопцу аперацыі, дзякуючы якім ён зараз можа хадзіць (у Дзiмы ДЦП), дамаглася для яго магчымасці скончыць Вiцебскi каледж, дапамагла атрымаць належную па законе кватэру. Цяпер Дзiма працуе аператарам ЭВМ у БНТУ, жыве самастойным жыццём.

Падчас навучання ў Вiцебску Дзiма закахаўся ва Уладзiславу – такую ж сiрату. У вераснi ён зрабіў дзяўчыне прапанову – i тая пагадзiлася. Але пабрацца шлюбам закаханыя не могуць: яшчэ пад канец навучання ў каледжы Уладзiславу пазбавiлi дзеяздольнасцi ды накiравалi ў Дунілавічскi псіханеўралагічны iнтэрнат, што ў Пастаўскiм раёне. Каманда «Людскiх справаў» адвезла Дзiму на спатканне з каханай.

Дзіма Сумар, сірата. Фота belsat.eu

«Не магу без Уладзiславы. Нават седзячы ў гэтай машыне, думаю, як ёй дапамагчы», – кажа Дзiма.

Яго былая апякунка Наталля распавядае, што сацыяльны педагог Віцебскага каледжу наўпрост сказаў ёй: «Калi б у Дзiмы не было вас, ён таксама б апынуўся ў iнтэрнаце».

«А дырэктар каледжу проста ў офісе па правах iнвалiдаў казаў пра Уладзiславу: вы ж разумееце, у яе сітуацыi гэта было найлепшым выйсцем: там яна прынамсi ў цяпле i не галодная», – распавядае Наталля.

Цяпер Дзiма шукае шляхі, як дапамагчы Уладзiславе ды вярнуць ёй дзеяздольнасць.

Герой другога сюжэту нашай перадачы – Арцём Галавiй – стваральнік унiкальнай адаптацыйнай праграмы «Нiткi сяброўства». У межах праграмы для сiротаў знаходзяць дарослых сяброў – «настаўнікаў», якiя дапамагаюць дзецям ва ўсіх жыццёвых пытаннях, падтрымліваць iх, разам бавяць час.

Нягледзячы на станоўчыя прыклады iншых краінаў i паспяховы старт у Беларусi, канцэпцыя настаўніцтва не сустрэла разумення ў чыноўнікаў – маўляў, гэтая форма працы з сiротамi не прапiсаная ў законе. Аднак Арцём Галавiй не губляе надзеi i кажа, што будзе далей грукацца ў дзверы. Арцём некалi сам застаўся сiратою, а таму на ўласным досведзе ведае пра патрэбы дзетак, што страцілi бацькоў, i кідаць справу свайго жыцця не збiраецца.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» прысвечанае праблемам сіротаў у Беларусі глядзіце тут:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram ды Telegram.

Глядзі таксама
Каментары