«Ініцыятыва забастоўкі мусіць зыходзіць ад студэнтаў, а не выкладчыкаў». Сведчанні са студэнцкіх пратэстаў


Чаму ўлады нічога не могуць зрабіць са студэнцкімі пратэстамі? Ці гатовыя выкладчыкі далучыцца да страйку? Як пераадолець глыбінныя праблемы ў беларускай адукацыі? Як цяперашнія палітычныя працэсы адаб’юцца на канкурэнтаздольнасці беларускіх ВНУ? Разбіраемся ў праграме «Шчыра кажучы».

Сістэма ВНУ ў Беларусі была адною з самых пасіўных у палітычным плане. Гэта тлумачаць тым, што студэнты больш уразлівыя да рэпрэсіяў, чымся, напрыклад, работнікі. Студэнта, затрыманага міліцыяй, можна заваліць на сесіі або адправіць у войска. Студэнты не абароненыя калектыўнаю дамовай, а іхныя прафсаюзы яшчэ больш намінальныя, чымся на прадпрыемствах.

Самыя актыўныя ў пратэстах ВНУ – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе бальшыня студэнтаў – хлопцы; Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, дзе, наадварот, вучацца ў асноўным дзяўчаты. МДЛУ адметны яшчэ і тым, што тут публічна грамадзянскую пазіцыю выказалі шмат выкладчыкаў. Сярод іх – Сяргей Карчыцкі.

«Вядома, людзі баяцца, актыўна выступілі толькі каля 140 выкладчыкаў, і тое толькі тыя, хто падпісваў відэазварот. Што датычыць іншых, я думаю, большасць з іх супраць гвалту, супраць катаванняў і поўнага таталітарызму ў нашай краіне. Але, натуральна, яны баяцца. […] Нас, усіх актыўных удзельнікаў пратэстаў, выклікалі на размову да рэктара, дзе прысутнічалі прарэктары, начальнікі аддзелаў. На выкладчыкаў, безумоўна, ціснулі».

Пакуль навучальны працэс ад пратэстаў ніяк не пацярпеў. Выкладчыкі, як сцвярджае госць праграмы «Шчыра кажучы», пратэстуюць у вольны ад працы час. Хоць выкладчыкаў ВНУ і называюць бюджэтнікамі, у існасці беларускія ўніверсітэты ператварыліся ў камерцыйныя фірмы:

«Рэч у тым, што студэнты плацяць за навучанне ў пачатку семестру. Яны заплацілі вельмі прыстойную суму. І вось яны прыходзяць на заняткі, а мы, дарослыя людзі, кажам ім: «Прабачце, мы бастуем». Таму ініцыятыва забастоўкі ў ВНУ не можа апрыёры зыходзіць ад выкладчыкаў. Выкладчыкі ўвесь час ідуць следам за студэнтамі».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Чаму беларускія студэнты і выкладчыкі не спяшаюцца зʼязджаць за мяжу, каб працягнуць адукацыю ды працу?
  • Наколькі каціруюцца беларускія ВНУ і з чаго трэба пачынаць рэфармаваць беларускую вышэйшую адукацыю?
  • Чым цяперашнія студэнцкія пратэсты адрозніваюцца ад папярэдняй студэнцкай актыўнасці?

Belsat.eu