Індура. Ад славянскага замку да габрэйскага штэтлу


Індура належыць да самых старажытных славянскіх паселішчаў на Гарадзеншчыне, бо пачыналася яшчэ ў канцы X – пачатку XI стст. ад феадальнае сядзібы – замку. Але гэтая версія грунтуецца адно на невялікіх археалагічных раскопках і вывучэнні формы захаванага гарадзішча на паўночна – заходняй ускраіне.

Індура не зрабілася горадам, бо паблізу ўжо меўся буйны цэнтр на Нёмне – Гарадзён, сённяшняя Горадня. Мястэчка Індура было прыватнаўласніцкае і пад канец Новага часу вырасла ў адзін з найбуйнейшых цэнтраў габрэйскае культуры. Напамінам пра знішчаную нацыстамі габрэйскую супольнасць засталіся адно могілкі і велізарны будынак мураванае сінагогі, хоць даўно закінуты, але яшчэ моцны ды прыдатны для рэстаўрацыі.