Ідэальнае месца для фестываляў сярэднявечнае культуры

Запрашаем у месца, якое вабіць сваёй аўтэнтычнасцю, куды хочацца ісці, глядзець, мацаць. Месца, дзе кожны пачынае адчуваць пах і смак сапраўднай гісторыі. Месца, дзе быў ідэальны замак, а сёння – ідэальнае замчышча. Запрашаем у Мсцібава.

У вёсцы Мсцібава на прагале ў заломе ракі Нятупа можна ўбачыць акуратнае кола з земляных валоў, падобнае да месячнага кратэру або паганскага капішча. Гэта – рэшткі замку, аднаго з найстаражытнейшых славянскіх паселішчаў на Панямонні!

Што яшчэ робіць гэтую мясціну на Гарадзеншчыне такой незвычайнай? Выдатна захаваныя валы, якіх не кранулі бульдозеры і экскаватары падчас меліярацыі? Збор літоўскай шляхты ў Мсцібаве, на якім яна аддала свае галасы за будучага караля Сцяпана Батуру, як называлі ў Беларусі Стэфана Баторыя? Ці шэраг вяльможных гаспадароў замку, сярод якіх былі і каралі?

А можа, таямніцы, якія замак і сёння сцеражэ, як раней сцярог межы? Адна з іх – загадкавы вал і роў за 120–150 м ад «кратэру», які цягнецца на больш чым дзве сотні метраў і ўпіраецца абодвума канцамі ў балота. Што ён бараніў, навошта яго насыпалі?

Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч выправіўся ў Мсцібава, каб высветліць усё на месцы. Пра гісторыю мястэчка і яго касцёл, які так доўга будаваўся, ён пагаварыў з гісторыкам Сяргеем Раманавым.

Натуральна, Аляксандр Краўцэвіч агледзеў і замчышча, каб гледачы на ўласныя вочы пераканаліся, што гэты ідэальны замак – выдатнае месца для гістарычных фестываляў і злётаў скаўтаў.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Хто скасаваў ордэн імя Каліноўскага?

Аўтар эталону гербу Пагоня спачывае тут

Навошта і як збудавалі Аўгустоўскі канал

Вусная гісторыя супраць савецкай прапаганды. Праўда простых людзей

Мультыкультурны Менск пачатку ХХ стагоддзя – калыска геніяў

Лёс Анатоля Сыса як адлюстраванне лёсу краіны

Гісторык, які абгрунтаваў права беларусаў на сваю дзяржаву

Яны спрабавалі стварыць новае ВКЛ на пачатку ХХ ст.