«І толькі вам выбіраць, на чыім баку змагацца»


Беларусы ЗША выканалі песню супраціву шахцёраў з Кентукі «На чыім ты баку», каб падтрымаць пратэсты ў нашай краіне.

«Трымае плошчу разам працоўнае звяно» – гучыць у беларускім перакладзе радок песні Флорэнс Рыс «Which side are you on». Песню запісалі гурт з ЗША «Slavalachia», выканаўца з Беларусі Сяржук Доўгушаў і ўкраінскі гурт «Торбан». Кінематаграфіст Варфаламей Круга тлумачыць, як паўстала ідэя стварэння беларускай версіі амерыканскага гімну пратэсту і кліпу да яго:

«Мы бачылі шмат відэарэпартажаў, як АМАП хапае мірных пратэстоўцаў. Мы вырашылі запісаць песню і стварыць кліп, таму што ты на адлегласці і адчуваеш нейкую бязраднасць. Калі вельмі хочацца мець дачыненне да таго, што адбываецца, – гэта праява неабыякавасці… На адлегласці гэта нібыта прапушчана праз узмацняльнік».

У 30-я гады мінулага стагоддзя шахцёры Кентукі паўсталі супраць несправядлівасці, эксплуатацыі, кепскага абыходжання, нізкіх заробкаў ды арганізаваліся ў працоўны саюз, каб змагацца за свае правы.

«Мы адчулі, што песня вельмі трапна адлюстроўвае тое, што адбываецца і ў ЗША і ў Беларусі. Урэшце для нас ёсць выбар, нават калі ты жывеш у краіне, рэжым якой прыгнятае. І толькі вам выбіраць, на чыім баку вам змагацца», – тлумачыць прадзюсар Кўінтын Шумэйкер.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Акцыі салідарнасці з Беларуссю ў Барсэлоне і Беластоку, на якіх гучала песня пратэстаў «Муры», напісаная ў 1968 годзе каталонскім кампазітарам Люісам Лякам, – яна ж у польскім перакладзе была гімнам Салідарнасці ў Польшчы падчас змагання з камуністычнымі ўладамі.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.