Аўтар беларускае версіі песні «Муры» і адзін з найлепшых беларускіх паэтаў сучаснасці Андрэй Хадановіч паказвае свае пераклады вядомых твораў і распавядае, якія вершы добра «заходзяць» падчас дваровых імпрэзаў.
Андрэй Хадановіч – паспяховы беларускі паэт. Сярод іншага, у ягоным даробку ёсць зборнік дзіцячых вершаў «Нататкі таткі». Таксама ён вядомы сваймі перакладамі слынных песень. Дзякуючы яму па-беларуску загучалі творы Боба Дылана, Дэйвіда Боўі, Леанарда Коўэна, Алега Скрыпкі ды іншых знаных выканаўцаў.
«Хуліганскімі» Андрэй Хадановіч называе пераклады песень, дзе музыка збераглася, а вось тэкст далёкі ад арыгіналу. Напрыклад, песня «Yellow Submarine» («The Beatles») зрабілася «Вожыкам-патрыётам», а ў пратэставай песні амерыканскіх шахцёраў «Which side are you on?» (словы Флорэнс Рыс) з’явіліся вадамёты і лайкі («На чыім баку ты?»).
У гэтым выданні ён выканае свой пераклад песень «Mury» («Муры») і «L’estaca» («Слуп»). «Mury» – гэта польская версія каталанскае «L’estaca». Аўтар арыгіналу каталанец Люіс Ляк стварыў сваю песню на знак пратэсту супраць дыктатуры Франсіска Франка, а паляк Яцэк Качмарскі – на знак пратэсту супраць польскіх камуністычных уладаў. Цяпер беларусы могуць параўнаць словы абодвух варыянтаў.
У праграме прагучыць таксама «Луч солнца золотого» («Прамень сонца залатога») на словы Юрыя Энціна і музыку Генадзя Гладкова. А фрагмент песні «Перемен» («Перамен») гурта «Кіно» прагучыць у выкананні Уладзіміра Пугача.
У беларускай мове Адрэя Хадановіча асабліва прываблівае тое, што яна адкрывае шырокія магчымасці для творцы.
«Мова не такая застылая: вось так можна, а так – не. Па-беларуску сёння яшчэ можна прыдумаць, яшчэ можна стварыць неалагізм, нейкі наватвор, і ў яго павераць. Ёсць адчуванне, што яшчэ цёплую гліну лепіш і хтосьці потым будзе гэтымі збанамі і гарлачамі карыстацца», – кажа паэт.
Пры гэтым беларускамоўны свет зусім не гета, не закрытая сістэма, якая гатуецца ва ўласным соку. Па-беларуску ўжо загаварылі сусветныя паэзія, філасофія і драматургія. Асабліва Андрэй Хадановіч падкрэслівае існаванне беларускамоўных мэмаў. «Мове з мэмамі нічога не пагражае!» – лічыць паэт.
Пра «Муры», двары і пераклады, пра вершы, каталонскі слуп часоў дыктатуры Франка, які трэба зваліць і які суладны і нашаму беларускаму шматгадоваму ярму, пра цяжкасці беларускае мовы і прэмію Ежы Гедройца, але не тую, дзе даюць шмат грошай, гутарым (а таксама спяваем і слухаем вершы) з Андрэем Хадановічам.
Вядоўца перадачы – Глеб Лабадзенка.
Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.
Калаж з фота: kinopoisk.ru