Хто ў Беларусі бяднейшы: шматдзетныя ці пенсіянеры?


Чым больш у сям’і дзяцей, тым сям’я, паводле статыстыкі, бяднейшая. Бо зарабляюць двое, а выдаткоўваюць усе. А пенсіянераў у сям’і звычайна якраз двое, але прыбыткі ў іх – найменшыя па краіне. То хто ж у выніку горай жыве – шматдзетны бацька ці пенсіянер? Аналізуе эксперт праграмы «Асабісты капітал» Міхал Залескі.

Начальству выгадна адна тэорыя наконт беднасці: той бедны, хто мала працуе і нас не слухаецца. Абывацелі ж маюць многа сваіх тэорый. У пошуках сярэдзіннага шляху выкажамся і мы.

Бальшыня людзей жыве сем’ямі, ад тых семʼяў – і ўся беднасць. Чым больш дзяцей у сямействе, тым менш маёмасці ды вольных грошай. Што ў корані супярэчыць дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыцы.

Рэсурсы, што маюць хатнія гаспадаркі з дзецьмі і без дзяцей

Падрабязнай статыстыкі па гэтым пытанні сёлета яшчэ няма, але прычын, каб леташнія прапорцыі рэвалюцыйна змяніліся, не назіралася. І таму адразу напрошваецца патрэба пералічыць усё на аднаго чалавека ў гаспадарцы, каб не патрапіць у палон чарговага лічбавага міражу, на каторыя так багатыя айчынная статыстычная навука і эканамічная прапаганда.

Дзеці, на каторых афіцыйныя рахункаводы плануюць выдаткаў менш, чым на дарослых, насамрэч спажываюць болей, бо многа цягне школа, нармальнае лячэнне і пазашкольныя заняткі.

Рэсурсы розных хатніх гаспадарак у разліку на 1 чалавека

Цягнуць яно цягне, але разам са здароўем бацькоў. Бо на 300 рублёў на месяц не пашыкуеш. Але ж жывуць неяк. А трэба каб не неяк, а добра. Бо калі жыве і гадуецца чалавек з самага дзяцінства ў вялікай беднасці, то канкурэнтаздольнасць ягоная робіцца адносна малой.

І пры аднолькавых здольнасцях ён прайграе дзецям з заможных сямей.

На фоне абцяжараных дзецьмі маладых людзей пенсіянерскія гаспадаркі выглядаюць досыць добра. А на сярэднім па краіне фоне – вартыя яны жалю.

Рэсурсы гаспадарак пенсіянераў

Лякарствы, дыетычнае харчаванне, адмысловае, з улікам узросту, адзенне і абутак, санаторыі і дамы адпачынку – зараз кінуліся за 748 рублёў на дзеда з бабкаю. Асабліва калі ўлічыць пры тым, што пятая частка ад тых рублёў на чалавека – пералічаная ў грошы ўласная прадукцыя з прысядзібных і дачных гаспадарак. Таму бальшыня – на пенсіі не доўга…

Карацей, калі падзяліць насельніцтва на 5 груп, па 20 працэнтаў у кожнай, адпаведна іх беднасці ці багаццю, то атрымаем беларускі капіталізм у разрэзе.

Хатнія гаспадаркі па 20-працэнтавых групах

Пры такім раскладзе кожны, хто на поўным сурʼёзе нешта тут гаворыць пра палітычную ролю гэтак званага сярэдняга класу, выглядае кепскім жартаўніком.

80 % хатніх гаспадарак, гэта значыць семʼяў, у краіне з больш чым дзевяцімільённым насельніцтвам распараджаліся летась сумамі 1300 рублёў і меней на месяц. Вось і ўся табе палітыка з эканомікаю.

Але ж бальшыню палітыка мала цікавіць, проста хочацца ў найвышэйшую групу па рэсурсах патрапіць. На тое трэба мець нязломны дух, упартасць, здаровыя ідэі наконт росту кваліфікацыі ды спосабаў зарабляць. Поспехаў!

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Вядзе бізнес з расейцамі па-беларуску – і мае прыбытак
  • Лукашэнка патрабуе справядлівасці – чыноўнікі не чуюць
  • Дзе студэнт выжыве на стыпендыю?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu