Хто сышоў і хто застаўся ў Купалаўскім тэатры? Размова з Зояй Белахвосцік

Зоя Белахвосцік распавядзе, якое для яе значэнне мае званне народнай артысткі Беларусі, абмяркуе сыход актораў з Купалаўскага тэатру на знак пратэсту, а таксама падзеліцца гісторыяй, як ейны бацька прышчапіў ёй любоў да беларускае мовы.

Зоя Белахвосцік – народная артыстка Беларусі, працавала ў Купалаўскім тэатры ды выкладала акторскае майстэрства ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Але ў жніўні 2020-га яна разам іншымі працаўнікамі тэатру напісала заяву на звальненне. Гэтак купалаўцы выразілі свой пратэст супраць дзеянняў уладаў. У сваю чаргу, Акадэмія мастацтваў без тлумачэння не стала працягваць кантракту з акторкаю.

Спадарыня Зоя адзначае: калі купалаўцы пісалі заявы пра звальненне, то былі гатовыя да найгоршага, але спадзяваліся на разважлівасць кіраўніцтва. Гэтыя надзеі не апраўдаліся. Заявы былі падпісаныя, і 58 працаўнікоў тэатру звольніліся.

«Мы шчыра пісалі, – кажа акторка. – Можа, была такая думка, што людзі там разумеюць, што гэта такое. Мы ж не маніпулявалі, не блефавалі, мы шчыра пісалі. Я проста думала, што людзі задумаюцца і скажуць: маўляў, ну не, так нельга, немагчыма, будзем прыдумваць, як выходзіць з гэтага».

Не ўсе купалаўцы пайшлі на такі рашучы крок. «Мова нанова» папрасіла спадарыню Зою патлумачыць пазіцыю ейных калег, якія засталіся працаваць у тэатры.

Другая палова праграмы прысвечаная беларускай мове, якую спадарыня Зоя любіць і шануе. Гэтую пашану прышчапіў ейны бацька. Спадарыня Зоя распавядзе класную гісторыю, каб паказаць, як гэта адбылося.

«Аднойчы да нас у клас прыйшоў хлопчык. Знекуль прыехаў. Ён быў з вайсковай сям’і – у яго тата быў вайсковец. І раптам спазналі, што ён не вучыць беларускай мовы і літаратуры ды ідзе дадому раней за нас! Я прыбягаю дадому, кажу: «Тата, калі ты напішаш заяву, каб мне не вучыць мову і літаратуру, дык у мяне будзе вольны час…» І словы ў мяне застылі…» – пачынае гісторыю з дзяцінства спадарыня Зоя.

Зоя Белахвосцік падзеліцца сваймі ўпадабанымі тэатральнымі выразамі, распавядзе, якія кнігі ўзяла б з сабой у доўгую вандроўку, і патлумачыць эфект «Песняроў», які, на ейную думку, можа падштурхнуць беларусаў зрабіцца беларускамоўнымі.

У граматычнай частцы «Мова нанова» паразважае, чаму ў адным выпадку трэба казаць «абое суседзі», а ў іншым – «абодва суседы», а таксама даведаемся, якія фразеалагізмы паводле сэнсу адпавядаюць выразу «абое рабое».

Вядоўцы перадачы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Дуэт «Арыстакратычная бледнасць» паказаў, як лупіць трасянкай

Беларуская мова вярнулася ва ўжытак. Ды яшчэ як!

Беларуская мова аддзяляе ад катаў і забойцаў

Ян Грыб – герой беларускіх пратэстаў

Не шануем беларускага – маем «крэпкага арэшка»

Ніна Багінская разбурае «муры» ці «сцены»?

Наста Шпакоўская cышла з тэатру, каб не граць для лукашыстаў

Спяваем, бо няма моцы маўчаць, або Беларускі культурніцкі пратэст