Хто скасаваў ордэн імя Каліноўскага?


Кастусь Каліноўскі – адзін з найбольш шанаваных беларускіх нацыянальных герояў. Шанаваных патрыётамі, але не дзяржавай. Улады Беларусі быццам не могуць вызначыць, як ставіцца да гэтае гістарычнае фігуры. Як ушаноўваецца памяць Каліноўскага на радзіме, высветліў Аляксандр Краўцэвіч.

Кастусь Каліноўскі (1838–1864) стаіць ля вытокаў сучаснае беларускае нацыі, беларускага нацыянальнага руху. Ён выдаваў газету «Мужыцкая праўда» і кіраваў антырасейскім паўстаннем 1863–1864 гадоў у Беларусі ды Літве. Пра то, што паўстанцы ўжо ўсведамлялі сябе беларусамі, можа сведчыць слынны пароль: «Каго любіш?» – «Люблю Беларусь!» – «То ўзаемна!».

На Кастуся моцна паўплываў старэйшы брат Віктар (1833–1862): ён таксама браў удзел у рыхтаванні антырасейскага паўстання, да якога не дажыў – памёр праз сухоты. Браты Каліноўскія добра вядомыя ўсім, хто знаёмы з творчасцю Уладзіміра Караткевіча (1930–1984) – у прыватнасці, з раманам «Каласы пад сярпом тваім».

Сёння родныя мясціны Кастуся Каліноўскага – месца паломніцтва беларускіх патрыётаў. Яны штогод ладзяць урачысты фэст, прысвечаны паўстанню 1863 года, даглядаюць магілу Віктара Каліноўскага. Вялікі крыж пры сядзібе Каліноўскіх на грамадскіх пачатках аднавіў мастак-каваль Юрась Мацко. Гэтак працягваецца стогадовая народная традыцыя ўшанавання памяці беларускіх герояў.

А як рэагуюць на гэта ўлады Беларусі? А ўлады Беларусі ў розныя часы да постацяў братоў Каліноўскіх ставіліся па-рознаму. Можна сказаць, што сёння беларуская міліцыя сваймі паводзінамі нагадвае царскіх жандараў: яна карае ўдзельнікаў урачыстасцяў, што адбываюцца для ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 года.

«Да 2002 года, па сутнасці, [улады. – «Белсат»] назіралі, міліцыянты пільнавалі, але ніхто не замінаў, ніхто не прымаў ніякіх штрафных санкцыяў, – апавядае краязнаўца Уладзімір Хільмановіч. – У 2004-ым былі 4 штрафы, потым – кароткі перапынак, і, пачынаючы з 2012 года, гэта, па сутнасці, штогадовыя штрафы».

А былі часы, калі нават існаваў ордэн імя Кастуся Каліноўскага!

У гэтым выданні праграмы «Загадкі беларускай гісторыі» доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч пабываў на радзіме братоў Каліноўскіх, у ваколіцах Свіслачы. Разам з гісторыкам Сяргеем Раманавым яны наведалі месцы, дзе стаяў дом Каліноўскіх, дзе стаяла іхная ткацкая фабрыка, зайшлі ў Свіслацкую гімназію, дзе атрымаў адукацыю шмат хто з славутых асобаў і паўстанцаў 1863 года.

Як ставілася да Кастуся Каліноўская Савецкая Беларусь, а як – незалежная? Колькі агулам помнікаў Кастусю ў Беларусі? Як сёння беларускія патрыёты ўшаноўваюць памяць паўстанцаў 1863 года? Што ацалела ў Свіслачы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя? Хто стаўся кавалерам ордэну імя Каліноўскага?

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.