Хто не дасць грошы, таго з’ядуць вошы. Як адраджаліся беларускія Каляды


Каляды – унікальнае свята, якое кіруецца пракаветнымі традыцыямі ды запаветамі. Сем’і стагоддзямі прытрымліваліся завядзёнак, якія былі распачатыя далёкімі продкамі. Як звязана нацыянальнае адраджэнне і Каляды? Ці не згубілі мы частку свята з-за адмовы ад рэлігійных сэнсаў? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае госця праграмы «Размова дня» гісторык і археолаг Ніна Здановіч.

Калі краіна атрымала незалежнасць, у розных кутках Беларусі стыхійна пачалі адраджацца нацыянальныя традыцыі святкавання Калядаў. Людзі зноў пачалі калядаваць, ставіць на стол традыцыйныя стравы, згадваць песні. На жаль, чаканага росквіту нацыянальных святаў гэтак і не адбылося. Але не ўсё яшчэ згублена, беларусы ўмеюць захоўваць свае традыцыі, упэўненая гісторык, археолаг, сяброўка легендарнай суполкі «Майстэрня» Ніна Здановіч.

«Доўгі час чалавек жыў афіцыйна для грамадства на паказ. І толькі ў сям’і ён раскрываўся і быў вольны. Ёсць такое паняцце: пачынаючы з моманту прыняцця хрысціянства беларусы сталі людзьмі, духоўнасць якіх складаецца з дзвюх частак. Афіцыйна яны адпавядаюць усім канонам хрысціянства, а дома яны трымаюцца традыцыяў, якія ішлі ад прабабкі, прапрадзеда. Нашыя калядкі спалучаюць усё гэта: і дахрысціянскія паняцці пачатку нечага новага, і рэлігійныя сэнсы», – распавяла спадарыня Здановіч.

Глядзіце святочнае выданне «Размовы дня» з Усеваладам Сцебуракам і Нінай Здановіч, каб больш даведацца пра тое, якімі былі Каляды ў розны час.

Фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum