Хто манапалізуе памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў?


Днямі ў Беларусі будуць патройна адзначаць Дзяды, Дзень памяці палітычных рэпрэсіяў і 30-годдзе першага шэсця да Курапатаў. Між тым, па Беларусі шмат такіх жалобных мясцінаў, і адна з іх – Кабыляцкая гара пад Оршай. У апошні год там шмат зроблена па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, але не без ідэалагічнай валтузні, распавёў у перадачы «Размова дня» даследчык рэпрэсіяў і нашчадак рэпрэсаваных Ігар Станкевіч.

Парэшткі расстраляных, з адтулінамі ў чарапах, пад Воршай былі знойдзеныя яшчэ ў 1982 годзе. Было і заключэнне адмысловай камісіі, пра якое, аднак, шырока стала вядома ў 1989 годзе. Памяць рэпрэсаваных на Кабыляцкай гары пачалі было ўшаноўваць, але праз нейкі час могілкі апынуліся амаль закінутымі.

Сітуацыя змянілася, калі расстраляных сваякоў тут знайшлі іх нашчадкі, у тым ліку Ігар Станкевіч. Удалося дагрукацца да мясцовых уладаў, каб на валуне з’явілася помная шыльда. Што праўда, не абышлося без ідэалагічнай цэнзуры: «Мы прапанавалі тэкст на чатырох мовах – польскай, беларускай, расейскай і іўрыце: «Ахвярам палітычных рэпрэсіяў». Яны змянілі тэкст: «Месца памяці і смутку». Замест польскай зʼявілася ангельская мова».

Падрабязней пра тых, хто быў расстраляны пад Воршай, аб праблеме манаполіі на помныя месцы і аб праекце па юрыдычнай дапамозе ў пошуку рэпрэсаваных продкаў глядзіце ў перадачы «Размова дня» вядоўцы Уладзіміра Мацкевіча з даследчыкам рэпрэсіяў Ігарам Станкевічам.