У чым асноўная праблема замежнага фінансавання беларускага грамадства, як Польшча ўзмацняе сваю абарону і што беларускі рэжысёр зразумеў на Данбасе а таксама што будзе калі выбары ў Францыі выйграе Макрон. Між іншым пра гэта пра сёння ў «ПраСвеце» з Сяргеем Пелясою.
Іншыя тэмы праграмы:
Ахова межаў і выдаткі на войска: такія артыкулы бюджэтных выдаткаў у прыярытэце ў адміністрацыі Доналда Трампа. І калі фінансаванне Дзяржаўнага дэпартаменту скароцяць ледзь не на траціну, то замежную дапамогу абрэжуць значна мацней. У выпадку Беларусі – на сто адсоткаў. Амерыканскае Агенцтва міжнароднага развіцця з дзевяноста дзявятага года выдала дзясяткі мільёнаў долараў на развіццё дэмакратычнай супольнасці ў нашай краіне. Пра тое, што азначае прыпыненне такога фінансавання, – Усевалад Шлыкаў.
Што такое замежная дапамога Беларусі? Хто, каму і навошта спрыяе? Дапамога павялічваецца ці памяншаецца і чаму? Наколькі гэта звязана з пацяпленнем паміж Беларуссю і Захадам? Інтэрв’ю з Уладам Вялічкам з Міжнароднага Кансорцыюму «ЕўраБеларусь».
Цяпер мы пакажам тое, што адбываецца ў таямніцы. Польшча на памежжы з Беларуссю стварае сілы Тэрытарыяльнай абароны – новага роду войскаў. Акрамя таго, Варшава павялічвае выдаткі на абарону і войска ў цэлым. Чаму палякі гэта робяць, чаму цяпер і ці варта беларусам баяцца ўзмацнення суседзяў? Толькі ў маім сюжэце – эксклюзіўны каментар штабу войскаў Тэрытарыяльнай абароны Польшчы.
Вайна ўва Украіне зрабілася выпрабаваннем і для цэркваў розных канфесіяў. Адная з іх, евангелісцкая, у прыфрантавым паселішчы Першамайскае пасля пачатку баявых дзеянняў значна папоўніла шэрагі сваіх вернікаў. Апрача малітоўных сходаў, царква актыўна працуе з моладдзю, арганізоўваючы творчыя заняткі і паездкі ў мірныя куткі Украіны, дапамагае старым, якія засталіся сам-насам са сваймі праблемамі. У гэты складаны для Украіны час місіянеры царквы фактычна выконваюць значную колькасць абавязкаў дзяржавы. Рэпартаж Антося Цялежнікава з Данбасу.
Ува Украіне ні мір, ні вайна. Поўнамаштабных баявых дзеянняў няма, але там штодзённа гінуць людзі. Як там жывуць і з чаго? У студыі – наш калега Антось Цялежнікаў, рэжысёр-дакументаліст, які толькі што вярнуўся з Данбасу, дзе зняў рэпартаж пра царкву ў Першамайскім для нашай праграмы. Адразу пасля «ПраСвету» прэмʼера ягонага рэпартажу «Божа, беражы Аўдзееўку». І ў сюжэце для «ПраСвету» і ў фільме пра Аўдзееўку прысутнічае тэма веры ў Бога. Ці толькі ўсявышні можа дапамагчы ўкраінцам? Што галоўнае беларус зразумеў ва Украіне? Чаму Антось Цялежнікаў увесь час туды ездзіць і рызыкуе жыццём? Што ў студыю прывёз з Данбасу карэспандэнт «Белсату»?
Як мы і асцерагаліся, у Францыі ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў выйшла кіраўніца «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн. Роўна два тыдні таму ў «ПраСвеце» мы падрабязна распавялі, што будзе значыць ейная магчымая перамога для Еўразвязу і міжнароднай сітуацыі ў цэлым. Сёння ж сацыялагічныя апытанні падказваюць, што больш шанцаў зрабіцца прэзідэнтам у Эманюэля Макрона, лідара руху «Наперад». Чаго чакаць ад Макрона Францыі дый нашым бліжэйшым суседзям – распавядзе Яраслаў Сцешык.
Глядзіце таксама: