Хлопца з Гарадзеншчыны хочуць прыцягнуць да адказнасці за ўхіленне ад вайсковай службы


Наш герой – нарадзінец мястэчка на Гарадзеншчыне – здабываў адукацыю ў Менску і са сталіцаю звязваў свае жыццёвыя планы. Маючы хворае сэрца, ён быў упэўнены ў тым, што ня можа ісці служыць, і сам своечасова з’явіўся ў ваенкамат з даведкамі. Аднак там хлопца чакаў сюрпрыз – ягоным дакументам не паверылі і накіравалі на чарговыя абследаванні, у выніку якіх дыягназ нібыта не пацвердзіўся. У ваенкамаце ж нашаму герою далі зразумець, што апеляцыя ў суд нічога не дасць. Хлопец выехаў з Беларусі і ўжо больш за паўгода жыве ў блізкім замежжы. Ён распавёў сваю гісторыю ў інтэрв’ю Адэлі Дубавец, пажадаўшы не раскрываць свайго імені.

«У мяне былі дакументы па якім я не павінен быў праходзіць вайсковую службу ў мірны час. У мяне былі вынікі УГД з менскіх дзяржаўных клінік. Але іх камісарыят не прыняў. Яны зрабілі свае, на базе раённай паліклінікі, але згодна з імі я таксама не павінен быў праходзіць. Калі я праходзіў медагляд вайсковы, яны ўпарта не жадалі гэтага бачыць. Але і прызваць мяне яны таксама не хацелі па гэтым дакументам. Таму яны мяне адправілі ў Гродна за 3 дні да канца прызыву. У Гродне нейкім чынам атрымаўся вынік без дыягназу. Хоць да гэтага раней былі 3 дакументы з дыягназам. Па дакументу без дыягназу яны вырашылі прызнаць мяне годным», – кажа наш герой.

Зараз хлопца хочуць прыцягнуць да адказнасці за ўхіленне ад вайсковай службы.

Фота: Reuters