Хлопца судзяць за крадзеж свайго ж аўта. Яму пагражае ад 3 да 5 гадоў зняволення


Аўтамабіль Канстанціна Далгушына, жыхара Магілёва, апячатаны, а тэхпашпарт захоўваецца ў судзе. Пачалося ж усё летась, калі Канстанцін прадаваў свой «Ford Scorpio».

На абвестку адгукнулася асоба з Бабруйску. Яны абмяняліся ключамі з умоваю, што праз два тыдні пакупнік прыедзе, і яны перааформяць аўта. Але і праз месяц пакупнік не аб’явіўся. Канстанцін жа атрымаў штрафы за перавышэнне хуткасці – агулам на 70 рублёў.

«Вось у мяне ёсць раздрукоўка ліставання з «Вайбэра», дзе я яму пішу пра штрафы. І ён ігнаруе іх», – кажа хлопец.

Па дапамогу Канстанцін разам з маці звярнуліся ў Дзяржаўтаінспекцыю. У адказе было напісана, што законных падставаў для вышуку аўтамабіля няма. Так як Канстанцін з’яўляецеся ўласнікам, то мае права на свой погляд распараджацца сваёй маёмасцю.

«І мы паехалі і забралі аўта. Так як мой сын з’яўляецца ўласнікам гэтага аўтамабіля», – распавядае маці хлопца.

Канстанцін разам з сябрамі знялі гэты працэс на відэа, каб потым іх не абвінавацілі ў крадзяжы рэчаў з машыны. Але ўжо ў той жа вечар па Канстанціна прыехалі праваахоўнікі ды разам з маці павезлі на допыт у Барысаў. Зранку нашыя героі даведаліся, што супраць Канстанціна распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 205, «Крадзеж». Як магчыма скрасці ўласны аўтамабіль, мы паспрабавалі спытаць у Барысаўскім следчым камітэце ды пракуратуры. Але за некалькі дзён ніводны працоўны тэлефон не адказаў.

Яўген Грачоў, юрыст ABW.BY, нагадвае, што крадзеж прадугледжвае карысны матыў. А ў выпадку Канстанціна Далгушына яго няма.

«Абвінавачаная асоба да гэтага звярталася ў органы міліцыі з мэтаю аказаць яму садзейнічанне ў перарэгістрацыі згаданага аўта. Калі браць Пастанову Вярхоўнага Суда № 9, то там напісана, што набытчык маёмасці (менавіта аўтамабіля) набывае ўсе правы і абавязкі, датычна аўтамабіля, толькі з моманту рэгістрацыі дадзенага транспартавага сродку ў ДАІ».

Каб не трапіць у такую сітуацыю, юрыст раіць адразу рэгістрааваць угоду ў ДАІ.

Ужо прайшло сем паседжанняў суда, які рупліва разбіраецца ў справе. Але чамусьці не заўважае ані тэхпашпарта, ані афіцыйнае даведкі магілёўскага ДАІ, што аўта належыць Канстанціну. Пакуль у гэтай справе не пастаўленая кропка, хлопцу можа пагражаць ад трох да пяці гадоў зняволення за крадзеж уласнага аўта.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Шматдзетная маці адстойвае права на годнае жыццё
  • Беларусы – пра грамадзянства
  • Ахвяра наезду вінная кіроўцу грошы
  • Склад іртутных лямпаў спрычыняе экалагічную небяспеку

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.