Беларуская спартсменка, неаднаразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе знялася ў шоу «Я не буду гэтага есці» на «Белсаце».
У праекце «Я не буду гэтага есці» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы.
«Я ненавіджу дранікі! Я не разумею ў прынцыпе, як іх можна есці. Гэта тое, што заўсёды асацыюецца з чымсьці такім тлустым, смажаным… Неяк у дзяцінстве, я памятаю, мы вырошчвалі бульбу і гэта была асноўная страва. Я кажу: «Мама, Божа мой, толькі не дранікі!». А яна: «Еш што ёсць!». І ўсё – гэта каронная фраза, я яе сыну свайму цяпер кажу. Бачыце, да чаго мяне дранікі давялі?!», – смяецца Кацярына Вандар’ева.
У беларускай кухні дранікі зʼявіліся ў другой палове ХІХ ст. І як заўважае Аляксандр Чыкілеўскі, прыйшлі ў яе з габрэйскай. Першы рэцэпт дранікаў пад назвай «бульбяныя блінцы», які сталі выкарыстоўваць на тэрыторыі Беларусі, апублікаваны ў кнізе Яна Шытлера «Кухар добра навучаны» ў 1830 годзе. А якія рэцэпты прыдумалі для Кацярыны нашы шэфы?
Вольга Прыгарава прыгатуе варыяцыю дранікаў – рошці або росці, у якія дадасць цукіні. Аляксандр Чыкілеўскі традыцыйна надасць сваёй страве беларускі акцэнт і прыгатуе дранікі па-міёрску.
Надзерці на буйной тарцы бульбу, цыбуліну і цукінію. Адціснуць праз сіта, каб прыбраць крухмал і сок. У атрыманую масу дадаем яйкі, кукурузны крухмал, соль, перац, добранька змешваем. Змазваем патэльню алеем і моцна разаграваем. Выкладваем сумесь так, каб рошці займала цэлую патэльню і смажым па 1-2 хвіліны з кожнага боку.
Наразаем цукінію тонкімі колцамі (прасцей гэта зрабіць нажом для абірання агародніны), дадаем крэс-салату, руколу і тонка нарэзаную чырвоную цыбулю. Запраўляем салату аліўкавым алеем і цытрынавым сокам. Выкладваем рошці на талерку, зверху – тонкія кавалачкі сёмгі, каперсы і салату.
Бульбу нацерці з цыбуляй, салерай, часныком і морквай на дробнай тарцы. Адціснуць масу праз ручнік і даць вадкасці адстаяцца. Зліць вадкасць, а крухмал, які ўтварыўся, дадаць у бульбяную масу. Дадаць мушкатовы арэх, соль і лыжку смятаны, змяшаць.
Нарэзаць кубікамі агурок і вяленую сліву, змяшаць. Дадаць да слівы з агурком здробненыя каперсы, сечаную зеляніну і алей, усё добра змяшаць.
Смажыць дранікі класічным спосабам і давесці да гатовасці ў духоўцы.
Выкласці на талерку дранікі, тартар з слівы і дадаць смятану (калі ўдома ёсць сіфон, можна змяшаць смятану з малаком, уліць у сіфон, дадаць газ і даць настаяцца). Упрыгожыць папкорнам з грэчкі, пудраю з журавін і грыбоў, зелянінай.
Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Глядзіце новае выданне кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці» (відэа ў пачатку артыкула).
Шоу «Я не буду гэтага есці» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.
Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.
ІА, belsat.eu