«У кожным калгасе каровам няма чаго есці». Арцём Гарбацэвіч – пра тое, дзе шукаць тэмы рэпартажаў


Пра попыт на незалежную журналістыку

«Наша Ніва» збірала на расследаванні: яны выклікаюць найвялікшы розгалас у грамадстве, на іх вымушаныя рэагаваць улады. Мы планавалі сабраць Br 10 тыс., а сабралі шаснаццаць. Гэта сведчыць, што людзі гатовыя дзяліцца сваймі грашыма, што гэта не проста цікава. Таксама гэта паказнік таго, што дзяржаўныя медыі – а іх процьма – не гатовыя задаволіць патрэбы, якія сёння мае грамадства.

Пра тое, дзе браць тэмы

У Беларусі столькі тэмаў, што іх можна распрацоўваць бясконца. Кожны чалавек, якога мы бачым на вуліца, дзесьці працуе. Праз тое, што ў нас захавалася савецкая сістэма «работы», паўсюль недзе хтосьці падманвае, крадзе ў дзяржаве.

Калі мы расплюшчваем вочы, што робіцца ў калгасе ў Касцюковічах: туды прыязджае дзяржкантроль, а потым мая крыніца ў дзяржкантролі кажа мне, што яны за галаву ўзяліся: у кожным калгасе парушэнні, амаль у кожным – каровам няма чаго есці ўзімку.

Пра тактыку супрацьстаяння расейскім медыям

У інфармацыйнай вайне з Расеяй мы адныя не выстаім. У грэкаў была фаланга, і мы («Наша Ніва». – Рэд.) – адзін жаўнер у гэтай фаланзе. Калі мы хочам супрацьстаяць гэтай агрэсіі, у фалангу да незалежных медыяў павінныя стаць дзяржаўныя СМІ. Пакуль яны выглядаюць беззубымі.

Пра «рускамірцаў»

Арышты Паўлаўца і кампаніі я ацэньваю пазітыўна: калі ты хочаш з кімсьці ваяваць, трэба паказваць свой твар.

Унутры Беларусі гэтыя асобы, аднак, вялікай ролі не гралі: у Расеі працягвае заставацца мноства такіх людзей, якія гатовыя пісаць тое ж самае. Ці арышт Паўлаўца спыніў Баранчыка? Не, ён працягвае пісаць.

Пра пагрозы

Так, мне прыходзяць пагрозы, але я іх не баюся. Той, хто хоча нешта зрабіць, казаць пра гэта не будзе, а проста зробіць.

Падрабязней – у «Размове Мацкевіча»

Фота: martin.livejournal.com