Студыя «Белсат» Хакейнае «Юнацтва» упершыню перамагло без Міхаіла Захарава


Месяц таму ў Воршы знакаміты хакейны трэнер Міхаіл Захараў святкаваў з менскім «Юнацтвам» перамогу ў Кубку Салея. У фінале ягоны клуб быў мацнейшы за «Дынама» з Маладзечна. А тыдзень таму Міхаіл Захараў пакінуў каманду, якую ўзначальваў 16 гадоў. Афіцыйная прычына – жаданне сканцэнтравацца на працы са зборнай Беларусі, на чале якой ён стаў у жніўні.

Аднак адстаўка Захарава адбылася на наступны дзень пасля таго, як у інтэрнэце з’явіўся цікавы відэазапіс. На ім галоўны трэнер «Юнацтва» досыць экспрэсіўна выказваецца пра брамніка каманды Ігара Брыкуна. Гэты запіс быў зроблены 8 верасня ў Чэхіі, дзе «Юнацтва» разгромна саступіла мясцоваму клубу «Тршынэц» у межах хакейнай Лігі чэмпіёнаў.

Захараў або не ведаў, або забыўся на тое, што на лаўцы запасных працуюць мікрафоны. Сітуацыя няёмкая як для самога трэнера, гэтак і для брамніка, які пасля гэтага стаў абʼектам для кпінаў на беларускіх спартовых форумах. Вядома ж, шмат якія заўзятары палічылі, што скандальнае відэа і раптоўны сыход Захарава з менскага клубу звязаныя між сабою. Але так думаюць не ўсе.

«Відэа ні пры чым. Гэта зборная. Гэта ўжо было праверана на прыкладзе таго ж самага Сідарэнкі. Ён адначасова трэнаваў «Дынама» і зборную Беларусі, у выніку нічога не паказаў. Трэба, каб трэнер быў засяроджаны на адной камандзе. Калі Захараў трэнер зборнай – хай ён зборную Беларусі і трэнуе», – мяркуе заўзятар ХК «Юнацтва».

Зменшчыкам Захарава ў «Юнацтве» стаў Аляксандр Макрыцкі – былы гулец зборнай Беларусі, удзельнік Алімпійскіх гульняў 2002 і 2010 гадоў. Уражанні ад першых матчаў пад ягоным кіраўніцтвам у заўзятараў «Юнацтва» розныя:

«Шчыра кажучы, мне не падабаецца каманда з Макрыцкім. З ім было дзве паразы. Макрыцкі – гэта новы трэнер, у яго свае ўстаноўкі. У Захарава былі іншыя ўстаноўкі. Магчыма, хакеісты яшчэ не звыклі».

«Пры Макрыцкім я бачу змены ў лепшы бок. Таму што на пачатку сезону каманды як такой не было. Не было камбінацыйнай гульні, пасы былі ў нікуды. Цяпер я бачу асэнсаваную гульню ў хакей. Таму што ў «Юнацтве» што ні прозвішча – то класны гулец. Але яны гулялі паасобку. А цяпер я бачу каманду, яны гуляюць у пас, ёсць камбінацыі. Гэта толькі пачатак, але спадзяюся, працяг таксама будзе добры».

Самі ж гульцы, паводле абаронцы каманды Андрэя Герашчанкі, пакуль істотных зменаў у трэнерскіх падыходах не адчулі:

«Ды вы ведаеце, нічога не змянілася. Трэнер прыйшоў, мы працягваем гуляць у сваю гульню. Ён не стаў нічога ламаць. Мы як гулялі раней з Міхаілам Міхайлавічам, так і працягваем цяпер. Проста дадалі трохі ў агрэсіі».

Стартаваў Аляксандр Макрыцкі на сваёй пасадзе няўдала: на мінулым тыдні «Юнацтва» пацярпела ў межах Экстралігі дзве паразы – ад маладзечанскага «Дынама» і салігорскага «Шахцёра». Абедзве – на хатняй арэне.

А вось першы гасцявы двубой склаўся для Макрыцкага файна. Яго падначаленыя зноў змагаліся з маладзечанскімі супернікамі. Менчукі на пэўным адрэзку вялі з лікам 2:0, але дазволілі гаспадарам лёду адгуляцца. Праўда, радаваліся тыя нядоўга – неўзабаве «Юнацтва» зноў захапіла лідарства. 3:2, 4:2 і, нарэшце, 5:2 – так змяняліся лічбы на табло на карысць гасцей.

«Вельмі сурʼёзна наладжваліся на суперніка, бо мінулыя два матчы ўдома прагулялі. Таму рыхтавалі хлопцаў сурʼёзна. Наладжвалі іх на цяжкую гульню, самааддачу і старанне. Добра правялі першы перыяд, у другім было дзве памылкі ў сваёй зоне прывялі да прапушчаных галоў. Трохі занервавалі, але справіліся і потым добра гулялі да канца матчу. Заўзятараў віншую з доўгачаканай перамогай. Гэтая мая першая перамога ў якасці трэнера «Юнацтва», таму вельмі задаволены», – каментуе Аляксандр Макрыцкі, галоўны трэнер ХК «Юнацтва».

Каментуе матч і Андрэй Герашчанка, абаронца ХК «Юнацтва»:

«Мы сталі рабіць менш памылак і рэалізоўваць свае моманты. З адным голам далёка не паедзеш. Сёння нібы ўсё атрымалася».

У турнірнай табліцы Экстралігі «Юнацтва» пакуль толькі на пятым месцы, аднак каманда мае некалькі двубояў у запасе з-за таго, што выступала ў Лізе чэмпіёнаў. Таму сітуацыя для іх выглядае няблага. А вось маладзечанцы з-за другой няўдачы запар страцілі лідарства і зваліліся на трэцюю пазіцыю. Іхны галоўны трэнер Дзмітрый Краўчанка наракае на кароткую лаўку запасных:

«Нам, вядома, трэба шукаць магчымасці для пошуку ўзмацнення. Гэта адназначна. У нас «лаўкі» няма, калі адзін-два гульцы траўмуюцца – ужо даволі цяжка. Цяжка, калі няма заменаў праз столькі гульняў. Будзем нешта рабіць, спадзяюся».

Пасляматчавыя прэс-канферэнцыі без эксцэнтрычнага Міхаіла Захарава выглядаюць не гэтак весела, як раней, аднак пра гульню «Юнацтва» гэтага сказаць нельга. Дзейны чэмпіён краіны давёў у Маладзечне, што гульнёвы крызіс, які напаткаў яго ў першай палове верасня, паволі адыходзіць у нябыт.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары