«Хакей, хакей, хакей і танцы з прэзідэнтам!» Школьнікі будуць вывучаць спартовыя дасягненні сям'і Лукашэнка


Лукашэнка з сынам Колем гуляе ў хакей, пра гэта актыўна пішуць дзяржаўныя медыі ды абмяркоўвае грамадства. Зараз жа спартовыя дасягненні Лукашэнкаў будуць вывучаць… у школах. Міністэрства адукацыі зацвердзіла тэмы для адзінага дня інфармавання, які будзе праходзіць у сярэдніх установах адукацыі кожны апошні чацвер месяца пад дэвізам ШАГ – Школа Актыўнага Грамадзяніна. З сённяшніх чатырох тэмаў усе так ці інакш прысвечаныя кіраўніку Беларусі. Пра новы падыход у педагогіцы гаворым з намесніцай Таварыства беларускай школы Тамарай Мацкевіч:

«Школе гэта – не навошта! Бо гэта не мае адносінаў ні да адукацыі, ні да Школы актыўнага грамадзяніна, пад эгідай якой праводзіцца гэты дзень. Мне здаецца, беларускія настаўнікі – мудрыя людзі, і яны навучыліся вось такія рэчы навацыі, якія ідуць ад міністэрства, нізкакваліфікаваных людзей, якія там сядзяць, яны навучыліся іх выконваць на паперы. І я думаю, што будуць напісаныя вельмі добрыя справаздачы. […] Можна смяяцца, але гэта не смешна, калі ў 21 стагоддзі дзецям пад выглядам навучання актыўнага грамадзянства, а значыць, навучання дэмакратычным асновам, правам, актыўнаму ўдзелу ў кіраванні сваёй краінай, прапануюць 4 тэмы: хакей, хакей, хакей і танцы з прэзідэнтам!..»

Як самыя беларусы ставяцца да гэткіх школьных лекцыяў пра Лукашэнку і хакей? Жыхары Менску адказваюць. А навошта ўладам Беларусі гэткія інфармацыйныя дні з абмеркаваннем хакею і Лукашэнкі? Гаворым са старшынём руху «За Свабоду» Юрасём Губарэвічам:

«Магчыма гэтая ініцыятыва не зыходзіць з самага верху. Магчыма новы міністр адукацыі, які, як вядома, вельмі ідэалагізаваны чалавек, вырашыў такім чынам зрабіць падарунак сям’і Лукашэнка. Таксама мажліва, што праз апеляванне да сям’і, да бацькоўскіх пачуццяў Лукашэнкі, ідзе спроба палепшыць імідж кіраўніка краіны…»

belsat.eu

Фота: Viktor Drachev, TASS / PhotoXpress, ZUMAPRESS / FORUM