«Калі жыхары на грамадскае асуджэнне казалі, што гэты дом незаконна будуецца, усе чыноўнікі адказвалі: Вы не разумееце, усё законна, усе дакументы ў парадку», – узгадвае прадстаўнік ініцыятыўнай групы жыхароў Копішча Алег Гіргенсон.
Спачатку кампанія «СІ-трэйдынг» планавала пабудаваць на гэтым месцы пяць дамоў. У выніку будуецца ўжо восьмы. Апошні 25-павярховік усунулі замест паркоўкі. Забудоўнік пачаў працы. А жыхары звярнуліся ў пракуратуру. Парушэнні сапраўды знайшлі, пракуратура вынесла прадпісанне спыніць будоўлю і зруйнаваць дом, бо пад яго не выдзялялася зямля.
«Мы праз чатыры месяцы напісалі ліст, чаму не зносяць дом. Стаіць, і кран стаіць, і нічога не зносяць. А аблвыканкам адказаў, што ў цяперашні час шукаюць рашэнне, як узаконіць гэты дом», – працягвае Алег.
Маўляў, усё робіцца ў інтарэсах дольнікаў. Бо забудоўнік ужо паспеў прадаць 60 кватэраў у самавольным доме. Такі падыход абурыў капішчанцаў.
«Грошы вырашаюць усё? Ці ўсё ж закон у нас ёсць? Закон у нас ёсць, але вось толькі выканаўцы ў нас…, з выканаўцамі гора», – абураецца Лілія, мясцовая жыхарка.
Аблвыканкам у сваім афіцыйным адказе не хавае планаў. Маўляў, цяпер разглядаецца зварот аб тым, каб прасіць прэзідэнта дазволіць незаконнае будаўніцтва, а частку прыбытку ад продажу дому пералічыць у дзяржаўны бюджэт. Цікава, што адкажа Лукашэнка. Бо ў 2017 годзе ён пра такія выпадкі выказаўся недвухсэнсоўна:
«Замест таго, каб парк недзе закласці або да ладу давесці, вы пачынаеце штампаваць жытло. Месца няма, дзе жытло будаваць? Абавязкова трэба канфлікт стварыць з насельніцтвам».
Дайшло да таго, што 400 чалавек патрабуюць ад чыноўнікаў папросту выканаць закон. Людзі расцэньваюць планы аблвыканкаму не інакш як хабар за парушэнне заканадаўства.
«Яны нас спрабуюць пужаць: Скажыце дзякуй, што гэта мы. Інакш тут будуць галетнікі побач з вамі жыць. Вось так і кажуць. Кажуць, пытанне развязанае, дом усё роўна будзе, мы дакладна ведаем, крыніцы пэўныя», – Наталля, жыхарка вёскі, нават не хавае сваіх эмоцыяў.
Тую самую ўпэўненасць бачаць і жыхары дамоў на бульвары Талбухіна ў самым цэнтры Менску, дзе будуецца бізнес-цэнтр. І гэта пры тым, што Камітэт архітэктуры адклікаў свой дазвол на будаўніцтва, і праект мусіць прайсці паўторную дзяржэкспертызу.
«30 студзеня гэтага года ў старшыні Менгарвыканкаму на сустрэчы было сказана даслоўна, я запісвала, што цяпер гэта самавольнае будаўніцтва і будоўлю павінныя спыніць», – чытае свае запісы Алена Пянкрат, мясцовая жыхарка.
Але забудоўнік нават не думае спыняцца. На аб’екце, дзе забароненыя ўсе будаўніча-мантажныя працы, нейкім чынам з’явіўся яшчэ адзін паверх. Ці пакараны хтосьці? Не. Падобна, што ў Менску няма ніводнай службы, якая рэальна магла б спыніць забудоўніка. Ніводная служба і экспертыза не заўважыла, што паркінг будуецца каля інтэрнату, а не гатэлю, як было ў праектнай дакументацыі. А гэта парушала санітарныя нормы, і давялося карэктаваць праект.
«СТАА «Вецер» інфармаванае аб неабходнасці прыпыніць працы да атрымання новага заключэння Камітэту архітэктуры, падкарэктаваць праектную дакументацыю…», – зачытвае ліст мясцовая жыхарка Галіна Сінілевіч.
Гэты чарговы адказ жыхары атрымалі якраз у дзень здымак, ён прыйшоў на паведамленне пра тое, што будаўніцтва не спыненае. На думку адмыслоўцаў, карані канфлікту трэба шукаць у тым, што дазвол забудоўнік атрымлівае на адзін аб’ект, а фактычна будуе іншы. Прэцэдэнтаў, калі б у Беларусі руйнавалі новыя цалкам пабудаваныя дамы, няма. А вось на стадыі першага паверху – былі. Гэта будоўля дамоў у Севастопальскім парку, а таксама Клуб аматараў бегу ў Зялёным Лузе. Аднак трэба ўлічваць, што і сам забудоўнік быў не такі ўплывовы, як той жа «СІ-трэйдынг». Засталося дачакацца, калі Лукашэнка на вачах сваіх грамадзянаў дазволіць бізнесу парушыць закон у вёсцы Копішча. Зразумела, што за долю прыбытку і на просьбы дольнікаў. У Беларусі закон будзе парушаны не першы раз, але гэтым разам – настолькі адкрыта.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».