Грамадскі актывіст: «Калі Лукашэнка баіцца 10 чалавек, напэўна з ім штосьці не так»


Лёс актывіста анархісцкага руху Міколы Дзядка па-ранейшаму невядомы. Напярэдадні маладзён атрымаў штраф за антыміліцэйскі пост у сацсетцы, а на выхадзе з суда яго затрымалі сілавікі. Меркавана ён знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна ў чаканні суда за акцыю салідарнасці з палітвязнямі, што адбылася ў мінулы аўторак на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Агулам улады пакаралі ўжо шэсць чалавек за гэтую акцыю, яшчэ двое, Мікола Дзядок і Андрусь Кашэўскі – за кратамі ў чаканні суда, а Павел Севярынец адбывае 10-содневы арышт толькі за тое, што збіраўся прыйсці на гэтую акцыю. Вялізныя штрафы атрымалі актывісты Леанід Кулакоў, Мая Навумава, Арцём Чарняк, Алесь Абрамовіч, Вольга Нікалайчык і Максім Вінярскі.

Максім Вінярскі з намі на сувязі:

«Што адбываецца? У нашай краіне пануе дыктатура. Калі атрымоўваецца, што дыктатар ужывае рэпрэсіі, калі рэпрэсуе людзей за іх перакананні, за іх дзейнасць, і калі на гэта няма ніякай рэакцыі адпаведных структураў, то гэта будзе працягвацца і далей. А так для дыктатуры цалкам слушна – арыштоўваць людзей за іх перакананні, за тое, што яны пішуць у Фэйсбуку. У нас няма прававой сістэмы. Але калі сённяшняя ўлада, калі Лукашэнка баіцца 10 чалавек, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, напэўна з ім штосьці не так…»

А мы выйшлі на вуліцы Віцебску і запыталі, чаму беларусы не праяўляюць салідарнасці з вязнямі, якіх затрымліваюць па палітычных прычынах.

belsat.eu