Горадня па-свойму адзначыць 100-годдзе БНР


Святкаванне Дня Волі з нацыянальнымі сімваламі, бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня», дазволена не толькі ў сталіцы, але і ў Горадні. Мясцовыя ўлады ўхвалілі правядзенне мітынгу-канцэрту ў Каложскім парку. Андрэй Несцяровіч, адзін з арганізатараў імпрэзы, распавёў «Белсату», ці лёгка было атрымаць дазвол ад уладаў.

«Даволі нескладана гэта было. Заяўка была задаволена з першага разу, на працягу тыдня, і гэта – з улікам вялікіх выходных», – кажа Андрэй Несцяровіч.

Галоўны пункт у планах арганізатараў – правесці святочны канцэрт.

«У першую чаргу гэта будуць выступы беларускіх гуртоў, а таксама віншаванні людзей, якім ёсць, што сказаць», – удакладняе Андрэй Несцяровіч.

На канцэрце выступяць вядомыя гурты: менскі HandMade, «Ліцьвінтроль» і гурт з Андрэем Такіндангам «Гаротніца». Вядуцца перамовы з гуртом :B:N і «Разбітае сэрца пацана».

Але ці будзе імпрэза масавай? Ці не паедуць гарадзенцы на канцэрт у гэты ж дзень пад Оперным тэатрам у Менску?

«Гарадзенцы – народ ганарысты, нашая местачковая шляхетнасць на дазволіць з’ехаць адсюль у Менск. Горадню невыпадкова называлі другой сталіцай БНР. Свята будзе адзначана ярка, гучна, са станоўчай канатацыяй, максімальна пазбаўленай любых палітычных кантэкстаў».

Але ў палітычных колах есць іншае меркаванне: свята Дня Волі заўсёды было з адценнем пратэсту.

«Свята – гэта свята. Цяжка святкаваць нешта, седзячы на кані і размахваючы шашкай. Для палітычных пратэстаў есць іншыя формы», – адстойвае сваю думку Андрэй Несцяровіч.

Поўную размову глядзіце ў «Гарачым каментары». Фота – Stepan Rudik/FORUM