«Голас» Менскага вакзалу, спявачка Руся знялася ў шоу «Я не буду гэтага есці»


У новым выданні кулінарнага шоу гатуем далму, якой не любіць Руся.

У праекце «Я не буду гэтага есці» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы.

Руся – не толькі спявачка і кіраўніца гурту «Shuma», але і вакальны іміджмэйкер. Гэта адмысловец, які дапамагае чалавеку раскрыць голас, правільна гучаць, карыстацца ім, мадуляваць яго. Яна прызналася, што ежа – гэта адно з заняткаў, якое прыносіць ёй найбольшае задавальненне. Руся і сама выдатна гатуе практычна ўсё, акрамя дэсертаў.

Сярод страваў, якія ёй не падабаюцца, – галубцы. Прычым больш за ўсё яна не любіць іх разнавіднасць – далму. Яе звычайна гатуюць з бараніны, загорнутай у вінаграднае лісце. Далму спявачка ела ў дзяцінстве, частку якога правяла ў бабулі ў Азербайджане. Там гэтую страву гатуюць, калі ўся сямʼя ў зборы.

«Бярэцца вялікі чан, усё гэта заліваецца мацоні з часныком свежым, каляндрай. Гэта ўсё клас – каляндра, часнык, мацоні. Але прысмак бараніны… Я не разумею, у чым прыкол. Вось гэтыя прожылкі жорсткія на языку, гэты кіслявы смак вінаграднага ліста… ».

Вольга Прыгарава ў сваім рэцэпце бараніну заменіць індычкай, а вінаграднае лісце прыгатуе такім чынам, каб прожылкі не адчуваліся. Аляксандр Чыкілеўскі адважыўся на больш радыкальны крок: замест класічнай далмы прапануе нашай госці яблыкі, начыненыя ялавічынай. У гэтай страве будзе і мяса (праўда, ізноў не бараніна), і кіслявы прысмак (яго дадуць яблыкі).

Belsat Music Live
Гіпнатычны сэт «Shuma» ў «Belsat Music Live»
2017.11.18 21:00

Далма з фаршам з індычкі і турэцкім пловам

  • марынаванае вінаграднае лісце – 400 г
  • фарш з індычкі – 500 г
  • балгарскі перац – 100 г
  • цукінія – 100 г
  • куркума
  • кары
  • маянэз – 100 г
  • яйка – 1 шт.
  • рыс – 800 г
  • сметанковае масла – 100 г
  • разынкі – 100 г
  • кедравыя арэхі – 100 г
  • молатая карыца – 5 г
  • рэпчатая цыбуля – 120 г
  • соль
  • ёгурт без напаўняльніка – 400 г
  • цытрына – 120 г
  • свежая мята – 15 г

Марынаванае лісце папярэдне заліваем кіпенем на 40 хвілін.

Робім фарш. Сечаную індычку змешваем з дробна парэзанымі цукініяй і балгарскім перцам. Дадаем соль, кары і куркуму. Добра змешваем.

У падрыхтаванае лісце дадаем фарш, скручваем ролы і складаем іх у рондаль з тоўстым дном, якое папярэдне выкладваем лісцем. Далму заліваем вадой, шчыльна прыціскаем талеркай, рондаль накрываем вечкам і гатуем 25 хвілін.

Для плову ў рондалі на сумесі сметанковага масла і сланечнікавага алею абсмажваем дробна парэзаную цыбулю, часнык, сухафрукты і арэхі, да залацістага колеру цыбулі. Затым дадаем рыс і абсмажваем яго да залацістага колеру. Дадаем молатую карыцу, кары і куркуму. Заліваем вадой у суадносінах 1:2 (на 100 г рысу 200 г вады). Даводзім да кіпення, гатуем 20 хвілін на маленькім агні, накрыўшы вечкам і не перамешваючы ў працэсе.

Для падліўкі змешваем ёгурт, дробна парэзаную мяту, сок цытрыны і соль.

Hавiны
Спявачка Руся: мая мама – з Азербайджану, але беларуская мова – мая родная
2019.10.10 14:54

Далма з яблыкаў

  • зялёныя яблыкі (сярэднія, аднаго памеру) – 8 шт.
  • рэпчатая цыбуля – 200 г
  • каляндра – 50 г
  • востры перац – 2 шт.
  • ялавічына – 500 г
  • свежае сала – 200 г
  • кроп – 50 г
  • мята – 50 г
  • зялёны гарох – 150 г
  • зіра
  • мята сухая
  • мікрагрын
  • кефір (мацоні) – 300 г
  • часнык – 1 галоўка
  • булён – 1 л

Яблыкі памыць, зрэзаць верхавіну і выняць мякаць.

Сала і ялавічыну парэзаць дробнымі кубікамі. Абсмажыць сала на патэльні, дадаць ялавічыну і давесці да паўгатовасці. Дадаць булён або ваду і тушыць да гатовасці. Гарошак абліць кіпенем і астудзіць.

Калі мяса будзе гатовае, дадаць гарошак, дробна сечаную зеляніну, дробна парэзаную цыбулю, востры чырвоны перац, спецыі. Змяшаць і напоўніць падрыхтаваныя яблыкі мясным фаршам. На дно рондаля выкласці зеляніну, кавалачкі яблыкаў, часнык, паставіць яблыкі, дадаць ваду (да паловы яблыкаў) і гатаваць пад вечкам 12–15 хвілін.

У кіслае малако або кефір дадаць дробна пасечаныя каляндру, мяту і часнык. Пасаліць і змяшаць. Падаваць, паліўшы соусам і ўпрыгожыўшы мікрыгрынам.

Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Якія прадукты змяняюць голас? І якую страву Руся шукала ва ўсіх менскіх рэстарацыях, калі была цяжарная? Глядзіце новае выданне кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu